Падтрымаць нас
Беларусы на вайне
  1. «Першыя 500 цэляў ужо на алоўку». Камандуючы сіламі беспілотных сістэм Украіны зноў прыгразіў Лукашэнку ўдарыць у адказ
  2. «Мне заказана дорога в Россию и Беларусь». Польша отказала в защите бывшему политзаключенному и давнему соратнику Тихановского
  3. Уже в 15 лет его посадили за изнасилование. Рассказываем историю авторитета, контролировавшего крупнейшую в стране банду
  4. «Я буду выкарыстоўваць рычагі». Пашынян адказаў Лукашэнку на словы пра «нікому не патрэбную» Арменію
  5. Сохранилась ли «химия»? Почему Тихановская и Зеленский снова встретились в отеле, а не в Офисе президента, и что это говорит о визите
  6. Беларусы в Threads обсуждают, что они удалили родинку — и у них началась меланома. Такое правда возможно?
  7. СМІ: На вайне ва Украіне, імаверна, загінуў былы мінскі амапавец, якога звязвалі з разгонам пратэстаў
  8. Лукашэнка ляціць у Казахстан
  9. Падение доллара третью неделю подряд и перспективы рубля: итоги рынка валют
  10. Стала вядома, колькі беларусаў ваюе на баку Расіі. А колькі змагаецца за Украіну?
Читать по-русски


Наста Лойко /

Цяжка ўявіць, але ёсць людзі, якія прытрымліваюцца сваіх прынцыпаў наконт захавання прыроды, экалогіі, ежы нават у турме. І там, дзе ў цябе амаль нічога няма, яны абіраюць мець яшчэ менш. Праваабаронца і былая палітзняволеная Наста Лойка з дапамогай ініцыятывы «Экадом» у аўтарскай калонцы для «Люстэрка» расказвае пра турэмны быт праз прызму экаактывізму.

Наста Лойка

Праваабаронца, да затрымання працавала ў Human Constanta, а раней — у ПЦ «Вясна». У 2022 годзе атрымала прэмію «Праваабаронца года», на той момант ужо была палітзняволенай. Яе затрымалі 28 кастрычніка таго ж года і па крымінальнай справе па ч. 3 арт. 130 КК (Распальванне варожасці) прызначылі сем гадоў пазбаўлення волі.

Філасофія вымушанага мінімалізму

Я сапраўды трошкі «эказамарочаная» і ў сваім жыцці паспрабавала шмат розных эказвычак. Але калі ты трапляеш у іншы асяродак — у СІЗА альбо калонію, — шмат што ламаецца і выклікае перажыванні. У выніку ў мяне склаўся спіс практык, якія я змагла захаваць і якія магу параіць іншым людзям, чые родныя трапілі за краты. Калі вы хочаце дапамагчы ім быць экалагічнымі, такія парады могуць сапраўды спрасціць ім некаторыя бытавыя моманты.

Калонія, пры ўсёй яе рэпрэсіўнасці, — гэта лабараторыя вымушанага мінімалізму. Тут экалогія пазбаўленая эстэтыкі, яна жорсткая і неадваротная. Але менавіта ў гэтых умовах становіцца зразумела: эказвычкі — гэта не толькі пра выратаванне планеты, гэта пра захаванне асабістай тэрыторыі і ўнутранага парадку. Калі сістэма забірае ўсё, твой выбар — заварыць траву замест пакеціка ці выкарыстаць шопер замест пластыкавага пакета — становіцца апошняй мяжой тваёй свабоды.

Мы (зняволеныя — Заўв. рэд.) не карыстаемся тэлефонамі, не лётаем на самалётах, не спажываем лішняй электрычнасці — гэта максімальна нізкавугляродны лад жыцця. Сама структура месцаў зняволення, як ні парадаксальна, месцамі нават экалагічная, бо мы карысталіся вельмі абмежаваным наборам рэчаў і насілі іх да апошняга.

У калоніі існуе жорсткі спіс адзення, і нельга трымаць больш за норму: напрыклад, не больш за тры майкі, дзве майкі з доўгім рукавом, пяць станікаў, дзесяць трусоў і сем пар шкарпэтак. Каб атрымаць штосьці новае, трэба спачатку напісаць заяву, каб знішчылі старую рэч, якую ты больш не хочаш насіць, — гэта абавязковая складаная працэдура праз рэжымны аддзел.

У маім апошнім атрадзе гэта магло заняць месяц, пакуль падпішуць заяву і забяруць рэчы. Таму я заўсёды прасіла сваіх набываць якаснае адзенне, якое можна насіць максімальна доўга. Адну майку з доўгім рукавом я пранасіла ўвесь час у калоніі — два з паловай гады.

Заключенные ИК №4 в Гомеле. Фото: TUT.BY
Зняволеныя ІК № 4 у Гомелі. Фота: TUT.BY

Рэжым эканоміі

Перадачы дазволеныя раз на тры месяцы, таму спажыванне ў калоніі вельмі абмежаванае. Хаця ліміт на атаварку ў краме існуе для ўсіх і складае шэсць базавых велічынь, што дастаткова шмат, мне праз восем месяцаў яго паменшылі да дзвюх, а потым і зусім скарацілі да адной. Адпаведна, я менш траціла і менш купляла — у гэтым ёсць вялікая эканомія.

Праз перанаселенасць мы выкарыстоўвалі шмат вады, але хадзілі ў душ толькі раз на тыдзень на 15 хвілін, а ў астатні час мыліся часткамі ва ўмывальніку. Электрычнасці таксама спажывалі няшмат: на паверсе жыве 100 чалавек, і калі раскінуць выдаткі на кожнага, атрымліваецца мізер.

Пакуль нам не трэба падключаць тэлефоны, мы эканомім шмат энергіі. Да таго ж мы не лётаем на самалётах і нікуды не ездзім, таму не пакідаем за сабой вугляроднага следу. У цэлым — максімальна экалагічны лад жыцця. Нават сукенку, якую выдаюць, можна памяняць толькі раз на два-тры гады.

Гігіена за кратамі

Да затрымання я карысталася шматразовымі пракладкамі. У калоніі іх забаранілі і забралі на склад, прычым двойчы. Але падчас этапаў мне пакінулі некалькі маленькіх шматразовых штодзёнак. Гэта вельмі ратавала: я кожны дзень іх замывала рукамі і сушыла. Дарэчы, у атрадах былі спецыяльна абсталяваныя сушылкі з вяровачкамі і прышчэпкамі. Звычайна яны высыхалі хутка: перад працай павесіш — пасля працы знімеш.

Фота: асабісты архіў Насты Лойкі
Шматразовыя пракладкі. Фота: асабісты архіў Насты Лойкі

Падчас менструацыі, на жаль, даводзілася карыстацца звычайнымі аднаразовымі пракладкамі. Нават калі б у мяне і былі вялікія шматразовыя пракладкі, на фабрыцы няма пастаяннага доступу да ракавіны, таму карыстацца імі было б немагчыма. Але штодзённымі шматразовымі пракладкамі я ганаруся — падаецца, я была адзінай у калоніі, хто такое практыкаваў.

Дэкаратыўнай касметыкай я зусім не карысталася па дзвюх прычынах. Па-першае, яе нельга перадаваць, а набываць у краме мне не хацелася праз ліміты. Па-другое, на гэта няма часу: калі пад’ём а шостай, а ў 6.20 ужо трэба ісці на сняданак — часу на макіяж проста няма. Дзяўчыны, якія працавалі ў другую змену, маглі фарбавацца зранку. Але потым усё гэта трэба змываць пасля дзясятай вечара, што займае шмат часу. Я зразумела, што мне прасцей не фарбавацца. Гэта таксама экалагічна: мне не патрэбныя былі ватныя дыскі, і я не мучыла свае вочы змываннем тушы па вечарах. Вушнымі палачкамі таксама карысталася вельмі рэдка, і толькі драўлянымі.

Уся мая гігіена трансфармавалася: я стала прасіць перадаваць гель для душа і шампунь у максімальна вялікіх банках. Але паколькі карыстацца вялікай тарай штодзень нязручна, я пералівала сродкі ў маленькі флакончык, які прывезла яшчэ з СІЗА.

Фота: асабісты архіў Насты Лойкі
Флакончык, якім карысталася Наста. Фота: асабісты архіў Насты Лойкі

Таксама я заўсёды прасіла перадаваць мне толькі драўляныя зубныя шчоткі. Імі можна карыстацца паўгода, у той час як пластыкавыя трэба мяняць кожныя тры месяцы. Некаторыя дзяўчыны таксама пераходзілі на драўляныя шчоткі, але такіх было няшмат.

Фота: асабісты архіў Насты Лойкі
Драўляная зубная шчотка. Фота: асабісты архіў Насты Лойкі

Асвяжальнікаў паветра ў калоніі таксама не было. Таму мы «муцілі» свае сродкі: змешвалі ваду з невялікай колькасцю гелю для душа ці набытай у краме «шакаладкі» для валасоў. Гэтую сумесь выкарыстоўвалі для ўсяго: для прыборкі, як асвяжальнік паветра і нават як імітацыю парфумы.

У калоніі існавала моцная культура булінгу з боку іншых зняволеных у дачыненні да тых, ад каго кепска пахла. Паводле правілаў унутранага парадку, кожны абавязаны падтрымліваць асабістую гігіену, а паколькі жыць, спаць і працаваць даводзіцца вельмі блізка адна да адной, гэта станавілася тэмай нумар адзін. Але праўда ў тым, што ў многіх проста не было грошай на дэзадарант альбо не хапала запасной вопраткі, і людзі выбіралі больш прыярытэтныя рэчы.

Напрыклад, каля 90% жанчын у калоніі палілі, і амаль усе грошы сыходзілі на цыгарэты. Я ж прынцыпова не палю, таму і там не пачала, і адчувала сябе ў нейкім сэнсе белай варонай.

Б’юці па-турэмнаму

Цікава, што ў калонію забаронена перадаваць крэм для вачэй, таму я набывала сродкі беларускіх брэндаў у мясцовай краме. Яны былі рознага кошту і дастаткова якасныя. Слоічка хапала надоўга, таму я купляла яго прыкладна раз на паўгода.

Галоўны мясцовы б’юці-трэнд у калоніі — фарбаванне броваў хной. Хну перадаваць можна, і кожны тыдзень паўатрада дзяўчат хадзілі з яскравымі чорнымі бровамі па дзве-тры гадзіны. Хоць фармальна дзяліцца рэчамі нельга, але ўсе ведалі, што ўвесь атрад карыстаецца адным маленькім слоічкам, які пераходзіў з рук у рукі.

Осужденные в женской колонии №4 в Гомеле. Фото: sputnik.by
Асуджаныя ў жаночай калоніі № 4 у Гомелі. Фота: sputnik.by

З фарбаваннем валасоў было складаней, бо гэта патрабавала шмат часу і рэсурсаў. Да таго ж калонія пачала эканоміць ваду: нам дазволілі мыць галаву толькі ў пэўныя дзве гадзіны — акрамя лазневага дня пакінулі толькі адзін дадатковы дзень у тыдзень для мыцця галавы. Праз гэта дзяўчатам даводзілася цяжка: трэба было загадзя фарбаваць валасы, а потым паўдня хадзіць з пакетам на галаве. Існавалі і іншыя абмежаванні — па колерах фарбы, таму ўсе хадзілі альбо рудыя, альбо чорныя. Я не фарбавалася, бо люблю фіялетавыя колеры, якіх там не было.

Сартаванне смецця

Мяне вельмі турбавала пытанне са смеццем. У сталовай была спроба сартавання: асобна адкладалі кардонныя каробкі і вялікія пластыкавыя бутэлькі ад алею. Падчас дзяжурства мы забіралі гэты пластык і кардон і адносілі на спецыяльную пляцоўку. Аднак агульнае смецце забіраў звычайны смеццявоз, і ў самой калоніі раздзельны збор для зняволеных не быў арганізаваны. Асабліва шмат пластыкавых пакетаў з’яўлялася пасля паходаў у краму. Насамрэч сартаваць пластык і паперу было б зусім нескладана, проста адміністрацыя не хацела «замарочвацца». Тое ж самае і ў СІЗА: усё звальвалася ў адзін вялікі пакет і выкідвалася.

Я думала пра тое, каб напісаць прапанову ў Дэпартамент выканання пакаранняў і распісаць пакрокава, як арганізаваць раздзельны збор смецця. Гэта было б вельмі карысна. Але так і не напісала. На словах я магла штосьці казаць адміністрацыі, але рэальнай прасторы для прапаноў не было.

Таксама я рэкамендавала больш дзейсныя меры па эканоміі вады: напрыклад, навучыць дзяўчат закрываць кран, пакуль яны чысцяць зубы. Многія мелі звычку ўключыць ваду і пайсці займацца іншымі справамі. Мяне гэта вельмі абурала: я спрабавала тлумачыць, што вада — гэта абмежаваны рэсурс, які аднойчы можа проста скончыцца. І нават самастойна выключала ваду за іншымі, праз што мы часам сварыліся. Большасць адмахвалася фразамі кшталту: «Мы ж трацім казённае, пасля нас хоць патоп». Тым не менш мая настойлівасць давала плён — некаторыя ўсё ж пачалі прыслухоўвацца.

Фота: асабісты архіў Насты Лойкі
Шопер. Фота: асабісты архіў Насты Лойкі

Уласны шопер

Тры разы на месяц атрад ідзе на закупы, і многія набываюць пластыкавыя пакеты. Але я прапаноўвала ўсім хадзіць у краму са сваімі шматразовымі торбамі. Людзі сапраўды сталі больш прасіць іх у родных.

Мае родныя пашылі мне спецыяльную чорную торбу, вельмі зручную. Усе здзіўляліся: «А што, гэта можна ў перадачы?» Насамрэч іх проста клалі да рэчаў і асобна ў вопіс не ўносілі. Потым з гэтымі шоперамі хадзілі ўсюды: у душ, спартзалу ці на вучобу.

Шопер — гэта самая клёвая штука. Калі ты ходзіш у форме, шопер з любым малюнкам дазваляе адчуць сябе самадастатковай — з чымсьці сваім, прыемным і блізкім. Таму трэба абавязкова заклікаць родных палітвязняў перадаваць сімпатычныя шматразовыя торбы.

Кругазварот рэчаў

Самае складанае ў калоніі — што нельга дзяліцца рэчамі. І калі прыбывае дзяўчына, у якой зусім нічога няма, я не магу проста аддаць ёй тое, што маю. Гэта трэба ўзгадняць праз рэжымную частку і аператыўнікаў — працэдура амаль нерэальная. Перыядычна перад вызваленнем людзі пакідалі «гуманітарку», але яе было няшмат. Бывала, што людзі выходзілі на волю, не маючы нават сваёй вопраткі. Напрыклад, калі нас вызвалялі разам з Марфай Рабковай, у яе нават не было цёплай курткі. У выніку я аддала ёй сваю кофту, якая ў мяне заставалася.

Часта вопратку проста знішчаюць. Пасля таго як рэжымны аддзел ліквідуе старыя рэчы па заяве, дзяўчаты часам просяць пакінуць гэтыя кавалкі, каб выкарыстоўваць іх як анучы для гаспадарчых патрэб. Супрацоўнікі звычайна дазвалялі, і мы выкарыстоўвалі некаторыя рэчы значна даўжэй, чым прызначана.

Гомельская женская колония. Фото: TUT.BY
Зняволеныя ІК № 4 у Гомелі. Фота: TUT.BY

Пра харчаванне

З веганствам у калоніі было вельмі складана. Нас кармілі ежай, дзе няма выбару ці спецыяльнай дыеты. Мне прыйшлося зрабіць выключэнне: я ела зранку малочныя кашы, бо інакш заставалася б без ежы на шэсць гадзін. Абед для мяне таксама быў абмежаваны, бо там часта ўсё было з мясам. Але ўсё, што я набывала сама ці атрымлівала ў перадачах, было веганскім. Дзяўчаты за сталом вельмі любілі мяне за тое, што ім даставалася больш: маё масла, яйкі, катлета ці рыба заўсёды камусьці пераходзілі.

Мяне здзіўляла: у кожным атрадзе заўжды былі дзяўчаты, якія не елі мяса ці прытрымліваліся паста. Пры гэтым вельмі шмат ежы проста выкідвалася. Мы жартавалі, што не хапае свінак, каб гэта ўсё скарміць ім. Я ўпэўненая, што гэтая ежа магла б накарміць усіх бяздомных Гомеля, калі б прыдумаць сістэму перапраўкі ў прытулкі.

Яшчэ адзін аспект — выбар у краме. Ён невялікі, і большасць тавараў (што мяне вельмі здзівіла) былі расійскія альбо з Цэнтральнай Азіі. Напрыклад, мне вельмі не хапала ягад. Іх нельга перадаваць у перадачах, толькі на працяглых спатканнях, якіх у мяне не было. І вось бачу я ў краме «Журавіны ў цукры». Я так узрадавалася!

Набываю і бачу: зроблена ў Пскове. Чаму не ў Глыбокім? І так з усім: цукеркі, гарбата — усё тое, што можна было б прапаноўваць беларускае, чамусьці было расійскім. Чаму так? Я не разбіралася глыбінна. Проста факт: большасць тавараў у беларускай калоніі — не беларускія.

Наста Лойко смотрит на своего пса Эрика по видеосвязи. Варшава, Польша, весна 2026 года. Фото: Ирина Ареховская
Наста Лойка глядзіць на свайго сабаку Эрыка па відэасувязі. Варшава, Польшча, вясна 2026 года. Фота: Ірына Арэхаўская

Вяртанне да звычак

Пасля вызвалення я баялася, што адразу ўключыцца спажывальніцтва, але гэтага не здарылася. Я ўдумліва гляджу, што мне сапраўды трэба, а што — не. Мая базавая патрэба выявілася ў пазушках (падкоўдраніках) — у калоніі ў нас былі толькі дзве прасціны, і гэта было вельмі нязручна. Я зразумела, што для мяне гэта базавы парог камфорту.

Я стала мякчэй ставіцца да людзей і іх выбару. Раней я магла «наязджаць» за неэкалагічнасць, а цяпер разумею: галоўнае, каб людзі падтрымлівалі свой баланс. Цяпер я жыву ў сяброўкі, якая любіць свечкі і свежыя кветкі. Раней я б пачала чытаць лекцыі, чаму гэта шкодна, а цяпер нават сама купляю ёй свечкі, каб парадаваць.

Але мне важна аднаўляць свае звычкі. Мне пашанцавала, што я магу так павольна ўваходзіць у звычайнае жыццё і спачатку займацца толькі сабой. Будзем шукаць гармонію ў гэтым новым свеце, захоўваючы тое, што сапраўды важна.

Меркаванне аўтаркі можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.