На сустрэчы з беларусамі Вільнюса Віктар Бабарыка расказаў, што з лютага гэтага года ў яго няма ніякай сувязі з сынам. Палітык падкрэсліў, што лічыць асуджанага на дзесяць гадоў калоніі Эдуарда закладнікам. Сапраўды, Бабарыка-малодшы застаецца за кратамі, хоць улады ўжо вызвалілі ключавых лідараў пратэсту. Чаму ў такім выпадку не спяшаюцца «памілаваць» сына экс-удзельніка перадвыбарнай гонкі і ці можа гэта змяніцца? Журналіст Глеб Сямёнаў задаў гэтыя пытанні аналітыку Арцёму Шрайбману ў новым выпуску нашага шоу «Як гэта разумець».
— У Беларусі прайшло некалькі хваляў вызвалення палітвязняў пры пасярэдніцтве ЗША, вызвалілі нават самых яркіх асобаў пратэсту дваццатага года, але не вызвалілі Эдуарда Бабарыку, якога, здаецца, пераследуюць проста за прозвішча. Чаму так і чаму ён усё яшчэ ў турме?
— Адказ на паверхні, пра яго ўсе кажуць: патрэбны рычаг ціску на ягонага бацьку. Ты разумееш, што не пяройдзеш нейкіх межаў, калі ў цябе сын у закладніках. Гэта даволі відавочна.
Да таго ж шукаць логіку ва ўсіх гэтых вызваленнях на самай справе немагчыма. Па справе TUT.BY: Марына Золатава выйшла, Людміла Чэкіна сядзіць. Па справе так званых аналітыкаў Ціханоўскай: Валерыя Касцюгова выйшла, Таццяна Кузіна сядзіць. З папулярных беларускіх блогераў Эдуард Пальчыс і Ігар Лосік выйшлі, Павел Белавус сядзіць. Сярод журналістаў таксама каля дзесяці выпусцілі за апошні час, каля дваццаці па-ранейшаму знаходзяцца ў турме. Логікі, што нейкая катэгорыя мусіць быць цалкам вызваленая, я не бачу. Яны гэта робяць, мабыць, рандомна, шмат у чым абапіраючыся на тое, каго просяць адпусціць амерыканцы.
Пры гэтым я думаю, што нічога сакральнага ў Эдуардзе Бабарыку для ўлады няма. Калі яны вызвалілі Ціханоўскага, Статкевіча, Севярынца, Бабарыку, Калеснікаву — яны вызваляць і Эдуарда, калі працэс сапраўды дойдзе да вялікай угоды. Проста ёсць жаданне памучыць.
— Спецпасланнік ЗША Джон Коўл абяцаў зноў прыехаць у Мінск найбліжэйшым часам. Кожны яго візіт суправаджаецца вызваленнем новай партыі палітвязняў. Ці ёсць імавернасць, што падчас наступнага прыезду вызваляць Бабарыку — ці ўсё ж будуць яго трымаць далей, каб мець рычаг ціску?
— Я не прадкажу дакладнай паслядоўнасці. Ёсць шмат людзей, якіх наогул пакуль не пачалі вызваляць, напрыклад былыя сілавікі. Відавочна, што да іх вельмі жорсткае стаўленне. Або тыя, хто абвінавачваецца ў гвалтоўных дзеяннях: нападзе на міліцыянтаў, падрыхтоўцы тэрактаў, нейкіх змоваў. Відаць, за выключэннем ужо вызваленых Аляксандра Фядуты і Юрыя Зянковіча, якіх судзілі па «справе пра дзяржпераварот». Астатнія, што нейкім чынам ужывалі сілу, планавалі гэта, былі задзейнічаныя ў нейкіх аператыўных гульнях а-ля замах на Азаронка і дом Гайдукевіча, — гэтыя людзі адседзяць да канца.
Тут пытанне: іх будуць да апошняга трымаць або наогул не адпусцяць, бо яны для ўлады ворагі? Добраахвотнікі, якія ваявалі за Украіну, той жа Верамейчык. Ці ж усё ж да іх таксама хутка дойдзе чарга? Мы гэтага не ведаем.
Але зразумела, што нейкія катэгорыі яны пакідаюць на канец, каб гэтых людзей па максімуме дамучыць, адыграцца за тое, што яны ў вачах улады нарабілі. Ці ў гэтым пуле Эдуард — не ўпэўнены. Ён усё ж праходзіць па лініі палітычных актывістаў, і таму думаю, што ў яго вышэйшыя шанцы выйсці хутчэй, чым у Мікалая Аўтуховіча, напрыклад, якога абвясцілі ледзь не галоўным тэрарыстам, што рыхтаваў узброенае паўстанне.
Пры гэтым, калі мы гэта ўсё кладзём на шалі вялікай угоды з ЗША, думаю, што ўсе гэтыя палітвязні могуць быць вызваленыя. Раз пачалі з лідараў апазіцыі, то недапушчальных для вызвалення людзей няма.
Чытайце таксама




