Нядаўна вызвалены экс-палітвязень Андрэй Пачобут заявіў: «Хачу паспрабаваць вярнуцца ў Беларусь. Усё залежыць ад таго, як пойдзе на мяжы». Паводле яго, такую магчымасць яму нібыта абяцалі супрацоўнікі КДБ і прадстаўнікі Адміністрацыі Лукашэнкі. Ці могуць улады дазволіць выправаджанаму Пачобуту вярнуцца? І ці дадуць яму спакойна жыць? Гэта абмеркавалі аналітык Арцём Шрайбман і вядоўца Глеб Сямёнаў у новым выпуску нашага шоу «Як гэта разумець».
— Арцём, ці верыш ты, што, калі Пачобут зробіць такую спробу, улады проста прапусцяць яго праз мяжу, не арыштуюць і дадуць спакойна жыць у Беларусі?
— Гэта філасофскае пытанне, наколькі спакойна сёння можа сябе адчуваць сусветна вядомы экс-палітвязень, які, відавочна, чырвоная ануча для Лукашэнкі ўжо шмат гадоў. І калі заўтра зрываецца дыялог ЗША і Мінска, пытанне здымаецца. Таму, думаю, пра поўны спакой і пра тое, што ўлады адчэпяцца, калі ён вернецца, гаворкі ісці не можа нават у добрым сцэнары.
Пры гэтым я магу дапусціць, што ён вернецца і яго не пасадзяць.
Па-першае, мы бачылі гісторыю са Статкевічам, які навязаў уладзе свой фармат вызвалення. Па факце ён вялізнымі ахвярамі: інсультам, рызыкай для жыцця — паламаў схему сваёй дэпартацыі, дабіўся таго, што яго адпусцілі. Цяпер ён у Беларусі, працягвае рабіць палітычныя заявы, крытыкаваць уладу, крытыкаваць Расію, тым самым пашыраючы ў пэўнай ступені акно магчымага. Магчыма, гэта толькі яму дазволена.
Зразумела, што Статкевіч — асаблівы выпадак, ніхто не хоча яго зноў давесці да інсульту. Але з Пачобутам можа быць падобная гісторыя. Нават калі ён вернецца, то ўсё роўна застанецца часткай шматэтапнай угоды ЗША і Мінска. Уладам усё яшчэ важна дабіцца сустрэчы з Трампам, зняць астатнія санкцыі. Я думаю, паміж «не, мы ўсё-такі пакараем Пачобута» і магчымасцю захаваць шанц на сустрэчу з Трампам для Лукашэнкі і беларускіх спецслужбаў выбар відавочны.
Адзін Пачобут не зможа падняць паўстанне палякаў у Беларусі, таму яны здольныя пайсці на гэтую саступку ў дачыненні да аднаго канкрэтнага чалавека. Я не бачу тут вялікай пагрозы [для ўладаў]. І яны паказваюць, што зрушваюць свае чырвоныя лініі: і ў дачыненні да Статкевіча, і ў тым, што не сталі дэпартаваць большую частку палітвязняў апошні раз.
— А ці могуць гэтыя чырвоныя лініі зрушыць у дачыненні да большага кола палітвязняў, а не толькі асаблівых выпадкаў, як Пачобут ці Статкевіч? Мы ж бачым трэнд, ты сам згадаў: людзей не дэпартуюць, фармат сапраўды мяняецца.
— Проста так, здабрыні душэўнай, Лукашэнка гэтага не зробіць, КДБ таксама такога не ініцыюе. Але калі гэта будзе выразна артыкуляваным патрабаваннем ЗША, умовай для далейшых кантактаў, то чаму не. Яны паказалі, што праціскалі, могуць праціскаць і далей. Калі ўлады перастануць мучыць нейкую колькасць былых палітвязняў, гэта не стане пагрозай стабільнасці рэжыму.
Пры гэтым мы мусім разумець, што, па-першае, усё гэта адбываецца на фоне больш жорсткіх рэпрэсій. Справа ЕГУ, якая ставіць пад пагрозу сотні чалавек. Прызнанне экстрэмісцкімі вялікіх чатаў, што пагражае сотням іх удзельнікаў. Я штотыдзень бачу навіны, што кагосьці саджаюць на двухзначны тэрмін па справах пра дзяржаўную здраду.
Таму нельга сказаць, што ідзе працэс адлігі, які закрануў усіх. Ён пакуль вельмі сфакусаваны: куды амерыканцы глядзяць — там нешта і адбываецца. А там, куды гэты «тунэльны зрок» не распаўсюджваецца, пагаршаецца усё, што адбывалася і раней.
Па-другое, гэты працэс сам па сабе прынцыпова няўстойлівы. Адміністрацыя Трампа будзе ва ўладзе яшчэ два з паловай гады, можа, нават менш. Незразумела, ці пражыве дыялог з Мінскам столькі часу. Магчыма, ён перапыніцца з прамежкавымі выбарамі ў ЗША (гаворка пра парламенцкія выбары, якія ў Штатах праводзяцца пасярэдзіне тэрміну прэзідэнта. — Заўв. рэд.), магчыма, не дамовяцца або вычарпаюць запас узаемных саступак пасля вялікай угоды, сустрэчы з Трампам. І ўсё, і далей няма чаго сказаць і няма чаго прапанаваць.
Тады ўсе заваёвы гэтага дыялогу, якія былі ўжо зробленыя, могуць быць адкручаныя назад. Гэта наогул не праблема для Лукашэнкі, для яго спецслужбаў — вярнуцца да нечага, ад чаго яны адмовіліся дзеля кароткага спакою адміністрацыі Трампа.
Чытайце таксама





