У 1855 годзе ў Еўропе была ў самым разгары Крымская вайна. Францыя і Вялікабрытанія на баку Асманскай імперыі змагаліся супраць Расіі, імкнучыся не дапусціць яе ўзмацнення, экспансіі на Балканах і выхаду да Міжземнага мора. 15 траўня саюзнікі былі ўжо на подступах да Севастопаля. Але гэта было недзе далёка, на ўскраіне кантынента, а ў яго тагачасным сэрцы — Парыжы — кіпелі зусім іншыя падзеі. У той жа дзень на Елісейскіх палях імператар Францыі Напалеон III адкрыў Другую Сусветную выставу, на якую з’ехаліся прамыслоўцы, гандляры і палітыкі з усяго свету. За паўгода яе працы мільёны наведвальнікаў убачаць мноства тэхнічных навінак і вынаходніцтваў ад газонакасілкі да саксафона — і гэта ў час, калі на беларускіх землях, якія знаходзіліся ў складзе Расійскай імперыі, яшчэ дзейнічала прыгоннае права. Расказваем, што паказвалі свету на той беспрэцэдэнтнай выставе.
Зрабіць лепш, чым англічане
Першая Сусветная выстава прайшла ў Лондане за чатыры гады да гэтага, у 1851-м, і зрабіла на Напалеона III такое ўражанне, што ён вырашыў адказаць. Паводле яго задумы, французская версія мусіла перасягнуць брытанскую — маштабам, колькасцю ўдзельнікаў і разнастайнасцю экспанатаў.
На Елісейскіх палях спецыяльна пабудавалі гіганцкі Палац прамысловасці — будынак даўжынёй 250 метраў з вялізным шкляным дахам на жалезных бэльках, амаль фантастычнае збудаванне па мерках сярэдзіны XIX стагоддзя. Праўда, неўзабаве зразумелі, што і яно не змесціць 24 000 удзельнікаў выставы, таму побач на беразе Сены ўзвялі яшчэ адзін вузкі будынак даўжынёй больш за кіламетр са шкляным дахам — машынную галерэю. Там цягам усёй выставы грымелі і свісталі разнастайныя буйныя механізмы: паравыя рухавікі, паравозы, прамысловыя ўстаноўкі. Галерэю, дарэчы, разабралі ўжо на наступны год, а вось Палац прамысловасці прастаяў да 1897-га, пасля чаго на яго месцы пабудавалі два іншыя палацы ўжо для новай экспазіцыі 1900 года.
Запрашэнні да ўдзелу разаслалі ўсім еўрапейскім краінам, і іх прынялі ўсе, акрамя Расіі — знаходзячыся ў стане вайны з Францыяй і Вялікабрытаніяй, яна адмовілася прыязджаць. Агулам сабралася 28 дзяржаў, уключаючы Асманскую імперыю, Егіпет, Персію, Кітай, ЗША і Мексіку.
Наведвалі выставу і іх кіраўнікі, у тым ліку каралева Вялікабрытаніі Вікторыя, якая знаходзілася ў Парыжы з 18 да 26 жніўня. Гэта быў першы брытанскі манарх, які ступіў на французскую зямлю з часоў Стагадовай вайны XIV–XV стагоддзяў.
Напалеон III хацеў, каб Францыя была прадстаўленая на выставе з максімальным бляскам. Таму вялікая ўвага была нададзеная экспазіцыі твораў французскіх дзеячаў мастацтваў (у Лондане такога не было). Прадумалі нават віннае прадстаўніцтва. Гандлёвай палаце Бардо даручылі тэрмінова скласці да выставы афіцыйны спіс найлепшых шато (вінакурняў) рэгіёна. За два тыдні сіндыкат вінагандляроў яго зрабіў: 60 шато Мядока, якія выраблялі чырвонае віно, разбілі на пяць катэгорый у залежнасці ад рэпутацыі вытворцы і рынкавай цаны. Асобна класіфікавалі салодкія белыя віны Сатэрна і Барсака.
Класіфікацыя мела быць часовай і служыць толькі для выставы, але захавалася і выкарыстоўваецца дагэтуль, і калі ў французскіх рэстаранах або на этыкетках вінаў вы сустрэнеце надпіс Grand Cru Classé, гэта азначае віно, уключанае ў гэтую класіфікацыю. У 1973 годзе ў першую катэгорыю з другой паднялі шато Мутон-Ротшыльд — і гэта адзінае змяненне спісу больш чым за 170 гадоў.
2000 кубкаў кавы за гадзіну
Сапраўдны атракцыён, да якога выстройваліся чэргі, стаяў трохі ўбаку ад асноўнай экспазіцыі. Французскі інжынер Эдуар Луазель дэ Сантэ прывёз сваё вынаходніцтва — гідрастатычны кававы перкалятар (ад французскага percolation — «прасочванне»). Прынцып працы прылады быў просты: вада награвалася знізу, падымалася па трубцы ўверх і праходзіла скрозь слой молатай кавы, як праз фільтр, сцякаючы ў кубак ужо гатовым напоем. Велізарны апарат коштам 6000 франкаў (цэлы капітал як на тыя часы) мог рабіць да 2000 кубкаў кавы за гадзіну, пры гэтым цана адной порцыі складала ўсяго 20 сантымаў.
Пасля выставы перкалятар пераехаў у кавярню на Манмартры. Луазель наладзіў выпуск машын меншага памеру для рэстаранаў, іх пачалі прадаваць ва ўсёй Францыі. Яго апараты працавалі яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў, пакуль ад зносу не пачалі выбухаць.
Машыны, што палегчылі быт
Сярод навінак, прадстаўленых на выставе, была машына для падстрыгання газонаў. Строга кажучы, абсалютнай навінкай яна не была, аднак у Францыі і ў свеце яшчэ не мела вялікай вядомасці. Газонакасілку прыдумаў англійскі вынаходнік Эдвін Бадынг у 1830 годзе, убачыўшы на тэкстыльнай фабрыцы машыну з круткім барабанам з лёзаў, якая зразала няроўны ворс з ваўнянай тканіны. Бадынг зразумеў: калі апусціць такі барабан на зямлю і паставіць на колцы, то гэтаксама можна будзе стрыгчы траву. Ужо праз некалькі гадоў першыя касілкі былі прададзеныя Лонданскаму заапарку ў Рыджэнтс-парку і каледжам Оксфарда.
Калі першыя патэнты Бадынга скончыліся, брытанскі інжынер Томас Грын сканструяваў уласны, больш ціхі і зручны варыянт — «бясшумную касілку». Гэта адбылося акурат у сярэдзіне 1850-х. Была на выставе ў Парыжы прадстаўленая менавіта яна ці яшчэ нейкі варыянт, не зусім ясна, але гэта была не касілка Бадынга, а навейшая, лёгкая і практычная мадэль.
Таксама на экспазіцыі быў прадстаўлены прататып пральнай машыны — ранні варыянт таго бытавога прыбора, які праз дзесяцігоддзі з’явіцца ў многіх дамах. Падрабязнасцей пра апарат і яго вынаходніка нам знайсці не ўдалося, але, відаць, машына была досыць пераканаўчай, раз трапіла на галоўную выставу свету.
А вось пра швейную машынку «Зінгер», якая таксама была прадстаўленая на Сусветнай выставе 1855-га, вядома амаль усё. Амерыканец Ісаак Зінгер, механік і былы актор, у 1851 годзе ўдасканаліў ужо наяўны механізм швейнай машыны так радыкальна, што атрымаў асобны патэнт. Прылада «Зінгер» рабіла «чаўночны шывок»: дзве ніткі — адна зверху, другая знізу тканіны — захлістваліся адна за адну ў кожным пункце праколу, ствараючы трывалае падвойнае шво, якое не распускаецца з аднаго канца. Прамая іголка рухалася вертыкальна, прыцісковая лапка ўтрымлівала тканіну, а саму тканіну можна было разгортваць і штабнаваць у любы бок. Машына рабіла да 900 шыўкоў за хвіліну.
Да гэтага швейныя машыны існавалі ў асноўным на фабрыках, часцей для выпуску абутку і скураных вырабаў. Зінгераўская ж была разлічаная на хатняе выкарыстанне. Стваральнік вазіў яе па выставах, паказваў на розных мерапрыемствах і здолеў пераканаць жанчын, што засвоіць гэтую прыладу для хатняга выкарыстання ім пад сілу. Да таго ж прыдумаў прадаваць выраб у растэрміноўку, што змяніла падыходы да гандлю ў цэлым. У 1860 годзе кампанія Зінгера стала найбуйнейшым вытворцам швейных машын у свеце.
Бяспечныя запалкі
Шведскія браты Юхан Эдвард Лундстром і Карл Франс Лундстром прывезлі ў Парыж першыя запалкі, у якіх не выкарыстоўваўся белы фосфар. На першы погляд гэта не ўражвае, але вынаходніцтва мела вялікую значнасць.
Запалкі да таго вырабляліся з атрутным белым фосфарам, які выклікаў у рабочых запалкавых фабрык хваробу з красамоўнай назвай «фосфарная сківіца»: адміранне касцявой тканкі, невыносны боль, агаленне косткі і ў выніку смерць. Шведы ж на сваёй фабрыцы ў Ёнчопінгу замянілі белы фосфар на чырвоны, амаль не таксічны, і змясцілі яго не на галоўку запалкі, а на бакавую паверхню скрынкі. Гэта рабіла запалкі бяспечнымі і ў выкарыстанні: чырвоны фосфар на сценцы скрынкі ўступае ў рэакцыю з хларатам калію ў галоўцы запалкі толькі падчас трэння, таму яна падпальваецца, толькі калі чыркнуць ёю аб паверхню ўпакоўкі.
На выставе Лундстромы атрымалі срэбны медаль — менавіта за тое, што іх новы спосаб вытворчасці быў бяспечны для рабочых. Сучасныя запалкі звычайна робяцца паводле таго самага прынцыпу, які прыдумалі шведы. У Францыі і шэрагу іншых краін іх так і пачалі называць — «шведскія запалкі».
Лодка з бетону
Адным з самых дзівосных экспанатаў для ўдзельнікаў выставы, відаць, была жалезабетонная лодка — вынаходніцтва Жазэфа-Луі Ламбо. Гэты інжынер-аграном жыў у маёнтку на поўдні Францыі, часта рабіў розныя рэчы сваімі рукамі і з пачатку 1840-х стаў эксперыментаваць з новым матэрыялам. Ён браў металічную сетку, абмазваў яе цэментавым растворам і атрымліваў тонкія, але трывалыя паверхні, якім не страшная вільгаць і іржа. Спярша з гэтага матэрыялу Ламбо рабіў садовыя вазоны і вадазборныя бакі. А ў 1848 годзе пабудаваў лодку і праверыў яе на сажалках у сваім маёнтку.
Лодка была цалкам плывучай, і, якім бы дзіўным гэта ні здавалася, дзіўнага тут нічога няма. Бетон цяжэйшы за ваду, але лодка полая ўнутры і ў гэтым сэнсе не адрозніваецца ад металічных суднаў. Паводле закону Архімеда, любое цела выцясняе аб’ём вады, роўны аб’ёму апушчанай у яе часткі. Калі цела полае, то выцесненая вада важыць больш, чым увесь аб’ём лодкі, і апошняя плавае незалежна ад матэрыялу вырабу.
Ламбо запатэнтаваў свой метад 30 студзеня 1855 года як новы матэрыял пад назвай ferciment — ферцэмент (ад лацінскага ferrum — «жалеза»), а летам прывёз лодку на выставу. Наведвальнікі, хутчэй за ўсё, глядзелі на яе з недаверам, не здагадваючыся, што прынцып стварэння жалезабетону, прыдуманы французам, хутка падхопяць іншыя інжынеры і гэты матэрыял стане галоўным у будаўніцтве на наступныя сотні гадоў.
Сама лодка Ламбо з часам патанула ў сажалцы і праляжала на дне каля ста гадоў, пасля чаго была знойдзеная, адноўленая і цяпер захоўваецца ў музеі Праванса. Дарэчы, жалезабетонныя судны пасля перастануць быць нечым выключным — напрыклад, іх будавалі для перавозкі грузаў падчас Першай сусветнай вайны, калі сталь была ў дэфіцыце.
Вельмі дарагі поспех
На выставе французскі фізік Жан Бернар Леон Фуко прадставіў сваю знакамітую ўстаноўку — ківач, які наглядна даказваў кручэнне Зямлі вакол сваёй восі. Гэта быў цяжкі металічны шар на доўгім тросе, падвешаны да столі. Пад ім на падлозе — кругавая шкала. Шар разгойдваюць, і калі назіраць дастаткова доўга, плоскасць яго гайданняў паступова змяняецца адносна шкалы. На самай справе ківач гайдаецца ў адной нязменнай плоскасці адносна зорак, гэта зямля павольна круціцца пад ім. На шыраце Парыжа поўны абарот плоскасці па шкале займае каля 32 гадзін. Сёння арыгінальны ківач захоўваецца ў парыжскім Музеі мастацтваў і рамёстваў.
А яшчэ было прадэманстраванае найбуйнейшае ў свеце люстэрка — 5,37 метра вышынёй і 3,36 шырынёй, — вырабленае шкляным заводам «Сэн-Габэн». Над ім давялося працаваць двумстам рабочым. Дарэчы, люстэркі тады рабілі па тэхналогіі алавяна-ртутнай амальгамы, гэта вельмі далікатная працэдура: алавяная фольга залівалася атрутнай ртуццю, уступала ў рэакцыю і стварала тонкі слой з высокай адлюстравальнай здольнасцю, паўзверх якога трэба было пакласці шкло, не дапусціўшы з’яўлення бурбалак і перакосаў. Прасцейшы, таннейшы і бяспечнейшы спосаб з серабрэннем шкла, які выкарыстоўваецца дагэтуль, распрацаваў нямецкі хімік Юстус фон Лібіх яшчэ ў 1835 годзе, але ён выцесніў ртутную тэхналогію толькі ў пачатку XX стагоддзя.
На выставе было і шмат іншых незвычайных навінак — ад будучага трансатлантычнага тэлеграфнага кабелю, які неўзабаве ўпершыню злучыў лініяй сувязі Еўропу і Паўночную Амерыку, да новай канструкцыі дзіцячай бутэлечкі з соскай і без. Сярод іншага паказалі першую ляльку, якая гаворыць (механізм з мяхамі, які выдаваў нешта падобнае да голасу), шасцізарадны рэвальвер Сэмюэля Кольта. Было прадэманстраванае фатаграфаванне з дапамогай мокрага каладыённага працэсу, што дазваляла рабіць здымкі значна хутчэй, чым падчас дагератыпавання, якое выкарыстоўвалася раней, і вырабляць некалькі копій аднаго фота.
А бельгійскі вынаходнік Адольф Сакс прадэманстраваў свой саксафон (за яго ён атрымае найвышэйшую ўзнагароду выставы). У справаздачы журы будзе сказана: «Гук саксафона — самы прыгожы, самы прыемны з усіх, што можна пачуць. Яго тэмбр не падобны ні на адзін іншы інструмент. Меланхалічны, ён больш падыходзіць для спеваў або гармоніі, чым для хуткіх пасажаў».
Закрыццё выставы адбылося 15 лістапада 1855 года. Медалі і дыпломы ад Напалеона III атрымала каля 11 тысяч лаўрэатаў. Цырымонію наведалі 40 000 чалавек, а пасля яе прайшоў цудоўны канцэрт аркестра пад кіраўніцтвам Гектара Берліёза, які граў музыку Моцарта, Расіні, Бетховена. На гэтым канцэрце ўпершыню публічна быў выкарыстаны электрычны метраном.
Усю выставу за шэсць месяцаў наведала больш за 5 млн чалавек. Праўда, нягледзячы на платныя білеты, акупіць мерапрыемства не ўдалося: выручка склала менш за чвэрць ад таго, што выдаткавалі на правядзенне. Але наўрад ці Напалеон III быў расчараваны: гэтая грандыёзная падзея прадэманстравала веліч і вядучую ролю Францыі ўсяму свету і ўмацавала яго ўладу. А сусветныя выставы зрабіліся сталымі і праходзяць дагэтуль, з 2000 года — раз на пяць гадоў (мінулая была ў японскай Осацы ў 2025-м, наступная запланаваная ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Аравія) на 2030-ы).
Чытайце таксама

