Падтрымаць нас
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

У сярэдзіне 1990-х Беларусь нечакана даведалася пра гісторыка Якава Трашчанка. Сціплы выкладчык МДУ імя Куляшова, які нават не абараніў дысертацыю, раптам стаў аўтарам школьных і ўніверсітэцкіх падручнікаў па гісторыі Беларусі, у якіх пляжыў нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага, прапагандаваў велікарускі шавінізм і заходнерусізм (яго прыхільнікі не лічаць беларусаў асобным народам). Узлёт тлумачыўся проста: да ўлады прыйшоў Аляксандр Лукашэнка, у якога ў 1970-м у Магілёўскім педінстытуце Трашчанок быў любімым выкладчыкам. Між тым кар’ера гэтага чалавека пачалася з вялікай подласці ў дачыненні да таленавітага навукоўца Міколы Прашковіча, што ў выніку зламала таму лёс. Яго крыўдзіцель пражыў доўгае камфортнае жыццё і дзякуючы свайму ўладнаму вучню стаў «навуковым аўтарытэтам», а вось Прашковіч, які сапраўды пакінуў след у навуцы, памёр заўчасна і застаўся невядомым. Расказваем падрабязнасці.

Гэты тэкст заснаваны на кнізе беларускага гісторыка Генадзя Сагановіча «Мікола Прашковіч. Сказ пра беларускага дысідэнта», якая выйшла ў 2026 годзе ў навуковай кніжнай серыі Варшаўскага ўніверсітэта Bibliotheca Europae Orientalis. Studia.

Адкрыццё Міколы Гусоўскага

Імя Міколы Прашковіча (1932−1983) цяпер амаль забыта, таму ёсць сэнс нагадаць асноўныя моманты яго біяграфіі, тым больш што яны прывялі да яго сутыкнення з Трашчанком.

Мікола нарадзіўся ў сялянскай сям'і ў Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці, скончыў філалагічны факультэт БДУ, пасля якога настаўнічаў — спачатку ў Смаргонскім раёне, пасля на радзіме. У 1960-м паступіў у аспірантуру пры Інстытуце літаратуры Акадэміі навук.

Для дысертацыйнага даследавання яму прапанавалі творчасць Сімяона Полацкага. У тыя гады ў Беларусі яшчэ не было сваіх знаўцаў даўняй літаратуры, таму навуковым кіраўніком Прашковічу прызначылі прафесара з Ленінградскага ўніверсітэта Ігара Яроміна — аднаго з найбольш вядомых савецкіх спецыялістаў па гісторыі літаратуры эпохі барока. З-за гэтага большую частку сваёй аспірантуры — амаль два гады — Мікола правёў у горадзе на Няве. У 1963-м яго настаўнік памёр. Прашковіч ужо без Яроміна скончыў аспірантуру, напісаў дысертацыю і ў 1964-м абараніў яе.

У сваім даследаванні Мікола першым сярод айчынных навукоўцаў увёў у гісторыю беларускай літаратуры імя Міколы Гусоўскага, аўтара «Песні пра зубра», бо лічыў беспадстаўным выключаць з яе творцаў эпохі Адраджэння, якія пісалі па-лацінску. Менавіта Прашковіч першым разглядаў барока як літаратурны стыль у развіцці даўняй беларускай літаратуры і абвергнуў тэзіс, што ў той перыяд яна перажывала заняпад (пазней, калі навукоўца «адменяць», яго думкі прыпішуць сабе іншыя).

Кніга беларускага гісторыка Генадзя Сагановіча «Мікола Прашковіч. Сказ пра беларускага дысідэнта»
Кніга беларускага гісторыка Генадзя Сагановіча «Мікола Прашковіч. Сказ пра беларускага дысідэнта»

Пасля абароны Прашковіч стаў працаваць у штаце Інстытута літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У тыя гады ён пасябраваў з паэтамі Уладзімірам Караткевічам і Рыгорам Барадуліным, навукоўцам Адамам Мальдзісам — усе яны былі амаль яго равеснікамі. Да таго ж яшчэ з часоў аспірантуры Мікола перапісваўся са знакамітай апальнай паэткай Ларысай Геніюш, якая пасля ГУЛАГу жыла з мужам у Зэльве і была для многіх увасабленнем беларускага патрыятызму і самаахвярнасці.

У той час улады СССР узялі курс на русіфікацыю, сціранне нацыянальных адрозненняў і ўтварэнне адзінага савецкага народа з адной мовай. У 1959-м у БССР прынялі закон, які дазваляў бацькам самім вырашаць, у школу з якой мовай навучання аддаваць сваіх дзяцей. Калі дагэтуль выкладанне беларускай мовы як прадмета было абавязковым ва ўсіх школах рэспублікі, цяпер — не. Улады штучна змяншалі наклады беларускамоўных кніг, іх было немагчыма набыць.

У асяроддзі Прашковіча гэта выклікала абурэнне. Мікола не хаваў сваіх поглядаў, адкрыта выказваўся і крытыкаваў дзяржаўную палітыку. І Караткевіч, і Геніюш прасілі яго быць асцярожным, але безвынікова.

Крытыка Расіі і яе «вызвалення»

Пасля абароны дысертацыі ўчарашняга аспіранта загрузілі працай, даручылі пісаць некалькі раздзелаў для новага падручніка па гісторыі беларускай літаратуры. Таму часу хапала хіба на невялічкія артыкулы і рэцэнзіі, і з лета 1964 года такія публікацыі Прашковіча пайшлі ў друку адна за другой. Найчасцей яны з’яўляліся ў часопісе «Полымя», які дзякуючы галоўнаму рэдактару, паэту Максіму Танку, лічыўся ці не галоўнай трыбунай вальнадумнай беларускай інтэлігенцыі.

Практычна ў кожнай з публікацый Мікола паслядоўна ставіў пад сумнеў ці абвяргаў тое, што складала аснову афіцыйнай канцэпцыі гісторыі Беларусі. Ён гаварыў пра ВКЛ як шматнацыянальную дзяржаву са старабеларускай дзяржаўнай мовай, у якой наша культура дасягнула высокага ўзроўню развіцця. Тады як прынятай пазіцыяй у той час было, што літоўцы захапілі беларусаў і ВКЛ было іх дзяржавай.

Прашковіч разглядаў Брэсцкую унію 1596 года (па ёй праваслаўныя прызнавалі ўладу папы рымскага, але захоўвалі сваю абраднасць на царкоўнаславянскай мове — мы падрабязна расказвалі пра гэта ў асобным тэксце). Ён крытыкаваў прымусовыя спосабы яе ўвядзення, але дадаваў, што з часам уніяцтва стала для нашых продкаў сваім. І пасля далучэння Беларусі да Расійскай імперыі «народ, які ўжо прывык да новай рэлігіі, яшчэ больш нахабна пераганяўся назад у праваслаўе». Такія ідэі тады былі адкрытай крамолай.

Сцверджанні, што далучэнне Беларусі да Расіі было выратаваннем беларусаў ад «чужацкай няволі» і прагрэсіўным гістарычным актам, Прашковіч называў памылковымі. Ён тлумачыў, што ў Расіі прыгнёт сялян быў больш цяжкі, а царскі ўрад праводзіў палітыку русіфікацыі нерасійскіх народаў.

Злева направа: пісьменнік Міхась Стральцоў, даследчык Мікола Прашковіч, пісьменнік Мікола Капыловіч. Мінск, парк імя Горкага, канец 1960-х гадоў. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
Злева направа: пісьменнік Міхась Стральцоў, даследчык Мікола Прашковіч, пісьменнік Мікола Капыловіч. Мінск, парк імя Горкага, канец 1960-х гадоў. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

У снежаньскім нумары «Полымя» за 1965 год з’явіўся разбор кнігі айчыннага навукоўца Аляксандра Коршунава, прысвечанай манаху XVII стагоддзя Афанасію Філіповічу. Прашковіч у цэлым высока ацаніў гэтае даследаванне. Крытычных заўваг было няшмат, але яны тычыліся канцэптуальных рэчаў. Мікола катэгарычна не пагадзіўся з Коршунавым у тым, што гэты манах прасіў маскоўскага цара «вызваліць» беларусаў і ўкраінцаў ад польскага ярма (тады ўсе яны жылі ў федэратыўнай Рэчы Паспалітай). Ён лічыў, што Філіповічу было важна знішчыць Брэсцкую унію 1596 года, але пра сацыяльнае вызваленне народа не магло быць гаворкі. Як і ў ранейшых публікацыях, Прашковіч пісаў, што Беларусь культурна і цывілізацыйна была звязаная з краінамі Заходняй Еўропы і апераджала Расію ў сваім развіцці.

Гэтая публікацыя выклікала значны рэзананс, які нічога добрага Прашковічу не прынёс.

Цемрашальства ад Трашчанка

22 лютага 1966 года ў газеце «Советская Белоруссия» пад рубрыкай «Письмо в редакцию» з’явіўся невялікі тэкст пад назвай «Истине вопреки», падпісаны нікому не вядомымі аўтарамі — Віктарам Люкевічам і Якавам Трашчанком. Абодва былі аспірантамі БДУ, першы — на кафедры беларускай літаратуры, а другі — на кафедры гісторыі БССР. Люкевіч быў маладзейшы за Прашковіча на пяць гадоў. Ён нарадзіўся ў 1937-м, скончыў Брэсцкі педінстытут (цяпер універсітэт імя Пушкіна), працаваў настаўнікам і служыў на флоце. Яго навуковым кіраўніком быў вядомы літаратуразнаўца Сцяпан Александровіч.

Трашчанок нарадзіўся ў 1931-м, на год раней за Прашковіча. Ён рабіў ваенную кар’еру, але пры Мікіце Хрушчове савецкае войска скарацілі, пасля чаго былы афіцэр скончыў Мінскі педінстытут (цяпер універсітэт імя Танка) і пайшоў у навуку. Яго кіраўніком быў Лаўрэнцій Абэцэдарскі, загадчык кафедры гісторыі БССР. Апошні быў адным з аўтараў падручніка па гісторыі БССР, які выйшаў у 1959-м і, вытрымаўшы восем перавыданняў, выкарыстоўваўся ажно да 1989-га. Як адзначалі пазней спецыялісты, гэты падручнік быў напісаны ў адпаведнасці з «паноўнымі сярод расійскіх дарэвалюцыйных і савецкіх гісторыкаў поглядамі на Беларусь як Паўночна-Заходні край Расійскай імперыі. <…> Стварэнне ВКЛ і Рэчы Паспалітай разглядалася як захоп заходнерускіх земляў літоўскімі, а затым польскімі феадаламі, а ўключэнне іх у склад Расійскай імперыі — як адназначна станоўчая з’ява для сацыяльна-эканамічнага, культурнага і нацыянальнага развіцця беларускага народа».

Лаврентий Абецедарский. Фото опубликовано в статье Николая Сташкевич "Лаўрэнцій Абэцэдарскі: народжаны стаць гісторыкам" ("Беларуская думка". 2011. № 7), ru.wikipedia.org
Лаўрэнцій Абэцэдарскі. Фота апублікаванае ў артыкуле Мікалая Сташкевіча «Лаўрэнцій Абэцэдарскі: народжаны стаць гісторыкам» («Беларуская думка». 2011. № 7), ru.wikipedia.org

На думку Генадзя Сагановіча, падыход Абэцэдарскага пазнаваўся і ў тэзісах публікацыі Люкевіча з Трашчанком, і ў яе з’едлівым тоне, падобным да палітычнага даносу. Аспіранты жорстка крытыкавалі погляды Прашковіча як «выдумкі з „сумнеўным палітычным сэнсам“» і па-ментарску абвяшчалі, што ВКЛ было дзяржавай літоўскіх феадалаў, а беларускі народ атрымаў дзяржаўнасць дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года. Расію яны лічылі цэнтрам прагрэсу. Найбольш жа аўтары абураліся, што Прашковіч палічыў Філіповіча «шпіёнам», які шукаў падтрымкі ў Маскве. Яны назвалі праваслаўнага манаха сапраўдным выразнікам інтарэсаў беларускага народа, тады як уніяцкага мітрапаліта Іпація Пацея — «цемрашалам». Напрыканцы аспіранты прыстрашылі рэдакцыю «Полымя»: ёй, маўляў, «трэба нагадаць пра абавязак чытаць усе матэрыялы, якія друкуюцца ў часопісе», каб не папулярызаваць «погляды, якія скажаюць гісторыю беларускага народа».

Перамога Прашковіча

У красавіку 1966 года ў вялікай залі галоўнага корпуса Акадэміі навук прайшло аб’яднанае пасяджэнне навуковых рад Інстытута гісторыі і Інстытута літаратуры, якое расцягнулася на два дні. На ім абмяркоўвалі артыкул Прашковіча і адказ Трашчанка з Люкевічам. У залі сабраліся не толькі гісторыкі і літаратуразнаўцы. Прыйшлі таксама прадстаўнікі іншых гуманітарных інстытутаў Акадэміі навук, супрацоўнікі БДУ, выкладчыкі сталічных педагагічнага, палітэхнічнага і тэхналагічнага інстытутаў, а некаторыя зацікаўленыя прыехалі нават з іншых гарадоў Беларусі. У першы дзень на абмеркаванні прысутнічала не менш за 150 чалавек, у другі — 300−350 чалавек.

Прашковіч, даклад якога быў першым, у сваім выступе спыніўся на трох спрэчных пытаннях, узнятых у публікацыі аспірантаў: чыёй дзяржавай было ВКЛ, якой была ступень прыгнёту сялян у ВКЛ і ў Маскоўскай дзяржаве, якой была роля царкоўнай уніі 1596 года. Натуральна, паўтарыў свае тэзісы.

За ім выступаў Трашчанок. Хоць той заявіў, нібыта ў іх водгуку «не выстаўлялася ніякіх палітычных абвінавачванняў», дух яго прамовы атрымаўся такім жа палітызаваным, як і ў «Советской Белоруссии». Аспірант зноў сказаў, што канцэпцыя, якую Прашковіч развівае ў публікацыях у «Полымі», «даўно абвергнута і мае сумнеўны палітычны сэнс». Бо навошта беларускаму народу была ўласная нацыянальная дзяржаўнасць, калі ён… частка рускага народу.

Яков Трещенок, фото: zapadrus.su
Якаў Трашчанок. Фота: zapadrus.su

«У ніводнай са сваіх прац Прашковіч не ўпамінае пра агульнасць паходжання і гістарычных лёсаў беларускага і рускага народаў, пра гераічную барацьбу беларускага народа за ўз'яднанне з рускім народам; ён настойліва спрабуе пераканаць чытача, што часы знаходжання Беларусі ў складзе Расіі — гэта самыя змрочныя часы беларускай гісторыі», — абураўся аспірант.

Але яго не падтрымалі. Акадэмік Пятро Глебка, пісьменнік і дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук, адразу ж назваў нядобрай практыкай ужыванне палітычных ярлыкоў у крытыцы памылак апанентаў. Так, ён назваў шэраг высноў Прашковіча няправільнымі, затое прызнаў слушнасць галоўнага падыходу: «Прашковіч правільна завастрыў пытанне, што шэраг палажэнняў у нашай гістарыяграфіі мы павінны перагледзець».

На другі дзень з кароткім словам выступіў і Віктар Люкевіч. Ён прызнаў, што хоць сам і не гісторык, але абараняе «тую канцэпцыю гістарычнага мінулага Беларусі, якой прытрымліваецца савецкая гістарычная навука». Аспірант адчуваў сябе не так упэўнена, як Трашчанок, і, здаецца, нават хацеў апраўдацца перад аўдыторыяй. Расказаў, колькі абразаў ім давялося выслухаць пасля публікацыі іх водгуку на старонках «СБ». На яго ўжо тады навесілі нямала ярлыкоў, паскардзіўся Люкевіч і дадаў, што калі яны з Трашчанком выходзілі з вялікай залы пасля першага дня дыскусіі, то ім у спіну крычалі: «Пасквілянты! Пасквілянты!»

Віктар Люкевіч. Фота: kb.brl.by
Віктар Люкевіч. Фота: kb.brl.by

Прашковіч выйшаў з той дыскусіі пераможцам. «Рэзананс па ўсяму Мінску вельмі шырокі; кажуць, што Абэцэдарскага так моцна пасцябалі першы раз», — паведаміў ён у Зэльву ў лісце Ларысе Геніюш. Па яго падліках, з 31 выступоўцы толькі сямёра (у тым ліку Трашчанок, Люкевіч і Абэцэдарскі) рэзка выступалі супраць, чалавекі чатыры-пяць «гаварылі абцякальна, па аднаму пытанню крытыкавалі, напрыклад, па другому — не», а астатнія падтрымалі Міколу.

Пад уплывам дыскусіі была скарэктаваная канцэпцыя пяцітомнага акадэмічнага выдання «Гісторыя Беларускай ССР», піша Сагановіч. Першы том, які ахопліваў старажытнасць і перыяд феадалізму, акурат тады быў у працэсе рэдактуры і зазнаў істотныя змены. У параўнанні з першай версіяй (яна з’явілася ў 1954-м), новая рэдакцыя адрознівалася не толькі больш высокім навуковым узроўнем і мноствам новых тэм, але і адыходам ад ранейшых ідэалагізаваных ацэнак і састарэлых канцэпцый. Такім чынам, прыняўшы ўдар на сябе, Мікола Прашковіч дапамог таму, каб новыя пакаленні гісторыкаў атрымлівалі адукацыю ўжо на значна лепшай базе, якая больш адпавядала рэальнай беларускай гісторыі.

Помста ўлады

Аднак улады яму гэтай перамогі не прабачылі. У тым жа красавіку 1966-га мінскі гаркам партыі накіраваў у Інстытут літаратуры спецыяльную камісію для праверкі ідэалагічнай і выхаваўчай працы мясцовай партарганізацыі. Сярод галоўных недахопаў камісія адзначыла недапрацоўку ў «ідэйна-тэарэтычнай загартоўцы» кадраў, вынікам якой лічыліся памылкі ў публікацыях некаторых супрацоўнікаў. Найбольшыя папрокі адрасаваліся Прашковічу.

Пачаўся працэс «прапясочвання». У чэрвені таго ж года Міколу крытыкавалі на адкрытым партыйным сходзе інстытута, у верасні — на парткаме Акадэміі навук, у кастрычніку — на закрытым партыйным сходзе Інстытута літаратуры. У лістападзе яго на нарадзе ідэалагічных работнікаў БССР крытыкаваў сакратар па ідэалогіі беларускай кампартыі Станіслаў Пілатовіч. Праз месяц Прашковіча на пасяджэнні ў Акадэміі пляжылі не толькі за старыя тэксты, але і за новыя. За «памылковыя ў ідэйных адносінах» артыкулы Прашковіча дасталася галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва» і часопіса «Полымя».

Львоўская паэтэса Аксана Сенатовіч і Мікола Прашковіч. Украіна, 1967 г. Фота: Сяргей Панізнік, выява апублікавана ў кнізе Генадзя Сагановіча «Мікола Прашковіч. Сказ пра беларускага дысідэнта»
Львоўская паэтка Аксана Сенатовіч і Мікола Прашковіч. Украіна, 1967 г. Фота: Сяргей Панізнік, выява апублікаваная ў кнізе Генадзя Сагановіча «Мікола Прашковіч. Сказ пра беларускага дысідэнта»

Такая сітуацыя не толькі псавала нервы і адбірала сілы. Стаўленне кіраўніцтва інстытута стала горшым, Міколу не давалі атрымаць пасаду старшага навуковага супрацоўніка і адпаведны аклад.

У той час Прашковіч імкнуўся менш заходзіць у інстытут і часта працаваў у Ленінскай бібліятэцы (цяпер Нацыянальная), дзе акрамя планавых зацверджаных тэм пісаў шмат рэцэнзій. Ларыса Геніюш раіла яму «крыху спыніцца», заняць больш асцярожную пазіцыю. На яе думку, разумней было б публікаваць «пакуль чыста навуковыя рэчы», здабываць і ўмацоўваць навуковы аўтарытэт. «Вы вельмі выбеглі наперад з грамады навукоўцаў. Такіх адразу бяруць на мушку. Крыху змяшайцеся з натоўпам, каб пры нагодзе, у адпаведны момант, сказаць важнае слова», — пісала яна Міколу. Той да яе не прыслухаўся. Пісаў ён надзвычай шмат, але выданні цяпер друкавалі яго радзей, аўтар сутыкаўся з праўкамі, скарачэннямі, спрашчэннямі найбольш вострых момантаў.

Цягам 1967 года на Прашковіча падзабыліся, але згадалі ў студзені 1968-га, калі загадчык аддзела культуры беларускай кампартыі Станіслаў Марцалеў назваў яго першым сярод літаратуразнаўцаў, якія дапускаюць «найгрубейшыя памылкі» ў трактаванні гісторыі. Даследчыку інкрымінавалі ідэалізацыю канцлера ВКЛ Льва Сапегі і каралевы Боны Сфорцы, спробы рэабілітацыі Алеся Гаруна (пісьменніка і актывіста нацыянальна-вызваленчага руху 1910-х гадоў). У лютым яго пляжылі на нарадзе літаратараў і пісьменнікаў за тую самую дыскусію і рэцэнзіі 1964−1965 гадоў. І толькі пасля гэтага Прашковіча пакінулі ў спакоі — на пэўны час.

Што было далей

Для Віктара Люкевіча палітычны данос спярша адгукнуўся не найлепшым чынам, але ў выніку ўсё ў яго склалася добра. Пасля выхаду артыкула ў «Советской Белоруссии» літаратуразнаўца Сцяпан Александровіч адмовіўся быць яго навуковым кіраўніком, Люкевічу давялося перавесціся ў аспірантуру Віленскага ўніверсітэта і з’ехаць з Мінска. Па яе сканчэнні ён з 1967-га выкладаў літаратуру ў Мазырскім педінстытуце. Праз восем гадоў ён абараніў у Вільні кандыдацкую і неўзабаве перайшоў у Магілёўскі педінстытут (цяпер універсітэт імя Куляшова), дзе ўжо ў гады незалежнасці дарос да загадчыка кафедры рускай і замежнай літаратуры. Памёр у 2015-м ва ўзросце 78 гадоў. Нічога выбітнага, але Люкевіч хаця б напісаў некалькі ўласных кніг: падручнікі, манаграфію «Проза Ивана Бунина и Якуба Коласа: типология поэтики».

А вось Трашчанок, які яшчэ ў 1967-м трапіў у той жа Магілёўскі педінстытут, не змог нават абараніць дысертацыю. Ніводнага самастойнага даследавання ён не напісаў і так бы і застаўся назаўжды ў цені. Аднак у 1970-х у гэтую ВНУ паступіў Аляксандр Лукашэнка, і Трашчанок стаў яго выкладчыкам. Прыйшоўшы да ўлады праз 20 гадоў, палітык успомніў свайго любімага настаўніка, і Трашчанок упершыню з 1960-х апынуўся ў цэнтры ўвагі. Так пачаўся яго ўзлёт.

Александр Лукашенко во время учебы в Могилевском пединституте (1971-1975). Фото: president.gov.by
Аляксандр Лукашэнка (справа) падчас навучання ў Магілёўскім педінстытуце (1971−1975). Фота: president.gov.by

Шараговы выкладчык раптоўна стаў аўтарам школьных падручнікаў, яму ж Лукашэнка даручыў стварыць і падручнік па гісторыі Беларусі для ўніверсітэтаў. Больш за тое, Трашчанок распрацаваў новую канцэпцыю беларускай гісторыі, якая была апублікаваная ў 2002 годзе і лягла ў аснову адукацыйных праграм. У гэтай канцэпцыі ён прасоўваў свае погляды. А што за погляды гэта былі?

«Усе гэтыя Радзівілы і кампанія, усе яны палякі і жывуць зараз у Польшчы. Наша гісторыя — гэта гісторыя Русі, усходнееўрапейскага хрысціянства, праваслаўнай зоны, толькі так яе трэба вывучаць і разглядаць. Праваслаўе — гэта матрыца, у якой развіваўся наш нацыянальны рэгіён», — заяўляў Трашчанок.

Асаблівае месца ў канцэпцыі было адведзенае праваслаўнай царкве, адзначае Сагановіч. Беларусь у Трашчанка — параджэнне праваслаўя, Расія — гарант выжывання ўсходніх славян, а ВКЛ і Рэч Паспалітая — дзяржавы каталіцкія, дыскрымінавалі беларусаў (праваслаўных), таму ніяк не з’яўляюцца часткай нацыянальнай беларускай гісторыі, як і шляхта, якая здрадзіла праваслаўю.

Не дзіўна, што Трашчанка хваляць на сайце Віцебскай духоўнай семінарыі БПЦ і прапануюць спампаваць ягоны падручнік «История Беларуси. Досоветский период» (2003). Апісваецца ён (разам з усёй філасофіяй Трашчанка) так: «Уникальность издания заключается в смелом опровержении ряда исторических мифов, ложных концепций псевдобеларусских националистов, антисоветских и русофобских установок, закрепившихся в беларусских учебниках для школ и вузов со времен „перестройки“. Трещенок был твердым сторонником западнорусизма, за что подвергался критике со стороны советской научной номенклатуры, а с конца ХХ века — масштабной травле со стороны представителей литвинизма („национал-радикалов“)».

Выкладчык пражыў доўгае спакойнае жыццё і памёр у 2011-м, ва ўзросце 79 гадоў. ДзяржСМІ пісалі яму ўзнёслыя эпітафіі, а Лукашэнка накіроўваў спачуванні родным.

Злева направа (ніжні шэраг): Міхась Шушкевіч, Барыс Сачанка, Алесь Ясквіч, Іван Чыгрын, Аляксей Гардзіцкі, Міхась Чарняўскі. Стаяць злева направа: Арсень Ліс і Мікола Прашковіч. 1960-я гады. Фота: сямейны архіў Арсеня Ліса, novychas.online
Мікола Прашковіч (стаіць справа) сярод беларускай інтэлігенцыі. 1960-я гады. Фота: сямейны архіў Арсеня Ліса, novychas. online

А вось Мікола Прашковіч, якога Трашчанок і Люкевіч атакавалі, неўзабаве сутыкнуўся з новымі праблемамі. Падчас рэпрэсій супраць дысідэнтаў ва Украіне КДБ знайшоў сляды сувязяў з Беларуссю і паспрабаваў прыпісаць айчыннай інтэлігенцыі стварэнне падпольнай нацыяналістычнай арганізацыі. Агулам праз допыты і размовы з КДБ са жніўня — верасня 1973 года прайшло пад сотню чалавек. Лідарам выдуманай арганізацыі спрабавалі зрабіць Прашковіча, які пасля ўсёй той гісторыі з крытыкай у «СБ» быў на алоўку як дысідэнт адпаведных поглядаў. Яго псіхалагічна зламалі і шантажом прымусілі назваць прозвішчы ўсіх, каму ён даваў чытаць машынапіс адной з «антысавецкіх» кніг.

Аднак партыйнае кіраўніцтва Беларусі не захацела гучнага працэсу, таму ў 1974-м «проста» звольніла менш за дзясятак чалавек па абвінавачанні ў беларускім нацыяналізме. Сярод іх быў і Прашковіч.

Пэўны час ён заставаўся беспрацоўным, пасля працаваў грузчыкам, загадчыкам бібліятэкі пры рабочым інтэрнаце, карэктарам і стылістам у часопісе «Родная прырода» і газеце «Вячэрні Мінск». Але яго здароўе было падарванае з-за працяглага псіхічнага стрэсу, дайшло да парушэння рухальных функцый ног, моцна здаў зрок, і ў 1982-м Мікола па стане здароўя звольніўся. А ў 1983-м загінуў падчас пажару ў роднай вёсцы. Яму было ўсяго 50 гадоў.