Падтрымаць нас
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Многія прызвычаіліся глядзець на класікаў беларускай літаратуры праз прызму школьнай праграмы. А яна, на жаль, звычайна абмяжоўваецца агульнымі фразамі пра «талент» і «славутыя творы» ды кароткімі звесткамі з біяграфій. Без вялікай зацікаўленасці зразумець, чаму менавіта гэтых людзей лічаць знакавымі асобамі для нашай культуры, складана. «Люстэрка» выпраўляе гэта ў праекце «Пазакласнае чытанне». У ім мы па пунктах тлумачым, чаму той ці іншы пісьменнік варты вашай увагі, і даказваем, што беларускае можна любіць не толькі за тое, што яно сваё, а яшчэ і за тое, што гэта сапраўды крута. Мы ўжо расказвалі пра Уладзіміра Караткевіча і Івана Мележа, Максіма Багдановіча і Васіля Быкава, Янку Купалу і Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Кузьму Чорнага і Максіма Танка. Герой гэтага тэксту — Міхась Стральцоў.

1. Стаў класікам пасмяротна

Імя Міхася Стральцова добра вядомае філолагам і іншым літаратарам, а вось больш шырокай аўдыторыі — не надта. Гэты выбітны пісьменнік быў недаацэнены пры жыцці, не стаў легендай і ўсенародным улюбёнцам, і на тое быў шэраг прычын.

Па-першае, Стральцоў меў даволі звычайную біяграфію і не вылучаўся гэтым сярод літаратараў свайго часу. Ён нарадзіўся ў 1937 годзе на Магілёўшчыне, у Слаўгарадскім раёне, пераехаў у Мінск, адвучыўся на аддзяленні журналістыкі філфака БДУ (асобнага факультэта яшчэ не было). Працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва», часопісах «Полымя», «Маладосць» і «Нёман». Памёр пяцідзесяцігадовым, у 1987-м, ад анкалагічнага захворвання і быў пахаваны на мінскіх Чыжоўскіх могілках.

Міхась Стральцоў. Пачатак 1960-х гадоў. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
Міхась Стральцоў. Пачатак 1960-х гадоў. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

Стральцоў не быў дысідэнтам, не пісаў на вострыя тэмы, не трапляў у чорныя спісы і не меў такіх праблем з цэнзурай, як многія яго калегі (напрыклад, Васіль Быкаў) — а ўсё тое хоць і моцна перашкаджала пісьменнікам, але міжволі спрыяла цікавасці людзей да іх творчасці.

У той жа час Стральцоў ніколі не быў савецкім па духу пісьменнікам, не следаваў галоўнаму тады сацрэалізму, не ўслаўляў партыю, не займаў ніякіх кіроўных пасадаў. У гэтым адна з прычын, чаму ён не меў афіцыйнага прызнання, — «не заслужыў». Толькі пасля сыходу Стральцова пасмяротна ўзнагародзілі Дзяржаўнай прэміяй, тады як правільныя пісьменнікі атрымлівалі яе пры жыцці, нават «вялікі маўчун» Іван Пташнікаў, які да старасці прынцыпова не даваў інтэрв'ю. Вядома, не ў адной Дзяржпрэміі выражалася прызнанне — яшчэ адзін «несавецкі» аўтар Уладзімір Караткевіч таксама атрымаў яе пасмяротна. Але кнігі апошняга станавіліся бестселерамі, і чытацкае захапленне знізу кампенсавала маўчанне зверху. Стральцоў жа такой вядомасці не меў, не напісаў нічога ў «народных» жанрах дэтэктыву і гістарычнага раману, таму ўспрымаўся творцам элітарным, аўтарам для «гурманаў».

У трэцяй і самай праблемнай прычыне таксама ёсць паралель з Караткевічам. Алкагалізм, які згубіў апошняга, быў у савецкія часы масавай з’явай і Стральцова таксама моцна падкасіў. У 1981 годзе ён нават трапіў у Мазырскі лекава-працоўны прафілакторый (ЛПП). Слова «лекавы» ў назве зманлівае — фактычна гэта былі працоўныя лагеры для пітушчых людзей, а непасрэдна лячэннем ад залежнасці там амаль не займаліся. Па сутнасці, ЛПП адрозніваўся ад зоны толькі тым, што знаходжанне ў ім турэмным тэрмінам не лічылася. «Уражанне ад месца, у якім ён апынуўся, было вельмі гнятлівым: высокі глухі плот з калючым дротам; на КПП узброеныя прапаршчыкі; закрытыя кратамі вокны; падобныя на астрожнікаў пацыенты; цьмяны глыбокі снег; злосны брэх вартаўнічай аўчаркі», — апісваў гэтую ўстанову паэт Леанід Дранько-Майсюк, які наведваў Стральцова.

«Мазыр — гэта быў адзіны спосаб уратаваць яго жыццё і ягоны талент», — прызнавалася Алена Стральцова, другая жонка пісьменніка. Але на кар’еры і дзяржаўным прызнанні ў пурытанскім СССР траплянне ў ЛТП ставіла крыж.

Цікава, што гэтая згубная залежнасць не пранікла ў творчасць пісьменніка. Калі не ведаць, што ён піў, з яго апавяданняў і вершаў пра гэта і не здагадаешся. Адзінае выключэнне — пранізлівы фрагмент у аповесці «Адзін лапаць, адзін чунь», у якім адчуваецца змрочная наканавасць будучага: «Дрыжэла ў яго рука; паднёс шклянку да рота і неўсвядомлена, сутаргава хапнуў паветра. Яму адразу ж заняло дых, і калі ўжо горла апякла вострая і душная гарката, калі на вочы навярнуліся злыя слёзы, невыносна стала ад думкі, што гэта, мабыць, не скончыцца ніколі».

Міхась Стральцоў. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
Міхась Стральцоў. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

Сапраўднае прызнанне прыйшло да пісьменніка ўжо пасля смерці — калі рэгаліі і статус (тым больш пасля падзення СССР) сталі неістотнымі, а творы пачалі ацэньвацца па сутнасці.

Сёння Міхася Стральцова называюць класікам і дырэктар галоўнага дзяржаўнага выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, і паэт Андрэй Хадановіч, які пасля падзей 2020-га апынуўся ў эміграцыі. Экс-кіраўнік Саюза беларускіх пісьменнікаў (сапраўднага, не дзяржаўнага) Барыс Пятровіч ставіць Стральцова на адзін узровень с Купалам, Коласам, Багдановічам і Караткевічам. Літаратуразнаўца і перакладчыца Марына Казлоўская (якая выкладала ў Ліцэі БДУ, а сёння — таксама ў эміграцыі) наогул лічыць яго апавяданні «найлепшым, што было створана суайчыннікамі ў ХХ стагоддзі».

«Міхась Стральцоў даў інтэлектуальны пачатак сучаснай яму прозе, пачуццёвую глыбіню эсэістыцы, шырыню і гарызонтнасць крытыцы, акварэльнасць і адухоўленасць паэзіі ад класічнага радка да верлібра», — адзначаў паэт Рыгор Барадулін. І ў сваёй ацэнцы быў не адзіны. «Стральцова любілі і шанавалі тыя творцы, каму не засціла вочы зайздрасць, хто цаніў адметнасць чужога таленту — Рыгор Барадулін, Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль. Прадстаўляючы трыццацігадовага Стральцова тады яшчэ ўсесаюзнаму чытачу (у Маскве ў перакладзе на расійскую мову выходзіла кніга „Что будет сниться“), Іван Антонавіч [Брыль] параўнаў свайго маладога калегу з… Іванам Буніным („абодвух чытаў на адной хвалі прыёму“). Празорлівы і начытаны Брыль ведаў, што гаворыць, і ўсё роўна словы ягоныя выглядалі як нечувана шчодры аванс, які належала адпрацаваць. I Стральцоў адпрацаваў — колькі паспеў», — пісаў літаратуразнаўца Міхась Скобла.

З пачатку 2010-х гадоў ладзіцца (спачатку ў Мінску, цяпер у Вільні) маштабны Міжнародны паэтычны фестываль «Вершы на асфальце». Ён мае імя Стральцова, і ні ў каго з літаратараў гэта не выклікае пярэчанняў і ўспрымаецца як мае быць. Адзінае, чаго пакуль не хапае гэтаму пісьменніку, дык гэта добрай рэкламы і годнай раскруткі (таму для масавай аўдыторыі яго прозвішча яшчэ не брэнд).

2. Вынайшаў новы тып беларуса — «сена на асфальце»

«Танк неяк даўно казаў, што Багдановіч пісаў адразу выбранае», — згадваў даследчык Анатоль Сідарэвіч і адзначаў, што гэтак жа было і ў Стральцова. Той сапраўды напісаў не так і шмат. Ён не замахваўся на вялікія жанры, сярод яго твораў толькі адна аповесць, а пераважалі апавяданні: «На чацвёртым годзе вайны», «Свет Іванавіч, былы донжуан», «Сена на асфальце», «Смаленне вепрука» і г. д.

Міхась Стральцоў. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
Міхась Стральцоў. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

Для ўсёй стральцоўскай прозы характэрныя інтэлектуалізм, лірызм, рознасць паміж фігурамі апавядальніка і героя, рэфлексіўнасць, пачуццёвасць (яго проза «напоўненая паэзіяй, як напоўнены сокам даспелы яблык», заўважаў Скобла), адсутнасць значных драматычных ці эпічных падзей, замест іх — фокус на мікрападзеі, у якіх засяроджана існаванне чалавека. «У Стральцова няма закручаных сюжэтаў, аднак у яго апавяданнях хаваецца цэлы сусвет. Ён робіць стаўку на ўнутраны канфлікт, яго тэксты вучаць перш за ўсё прыслухоўвацца да сябе», — дадае Марына Казлоўская.

Гэта ўсё было ўласціва адзінай аповесці Стральцова «Адзін лапаць, адзін чунь» (1970), якая ўяўляе сабой аповед пра адзін дзень з жыцця галоўнага героя — дзіцяці пасля Другой сусветнай вайны (праўда, з пераходамі ў часе і прасторы). Але тыя ж рысы ўвасоблены і ў больш раннім і нашмат больш вядомым творы аўтара, — апавяданне «Сена на асфальце» (1963).

Назва гэтага твора стала не толькі сінонімам да прозвішча Стральцова, але, як заўважылі пазней літаратуразнаўцы, акрэсліла цэлае ягонае пакаленне беларусаў — інтэлігентаў і не толькі. Тады, у 1960-х, у нашай краіне адбывалася імклівая урбанізацыя, людзі пакідалі вёскі і ехалі працаваць і будаваць новае жыццё ў гарады, але ніхто да Стральцова не казаў, што пры гэтым адбывалася ў іх душы. Адарваныя ад каранёў, выцягнутыя з роднага асяроддзя, вымушаныя пераходзіць на чужую мову (беларуская была «вясковай», а руская — «гарадской»), далёка не ўсе добра прыжываліся на новым месцы, многія адчувалі сябе чужымі, але не мелі асаблівага выбару і магчымасцяў вярнуцца: у вёсцы тады не было годнага ўзроўню жыцця і ніякіх перспектыў. І яны мусілі існаваць з гэтым унутраным канфліктам.

Дык вось у «Сене на асфальце», герой якога увесь перамяшчаецца паміж вёскай і горадам, Стральцоў акурат апісаў такога беларуса — які пакінуў вёску і не змог да канца прыжыцца ў горадзе.

«Хоць пра такога чалавека пісалі ў свой час і [Максім] Гарэцкі, і [Лукаш] Калюга, і [Кузьма] Чорны, але Міхась Стральцоў знайшоў ёмістую формулу такога стану і вызначыў яго як „сена на асфальце“. Адной формулай ён ахапіў многія нюансы гэтага стану, якіх ніхто не закранаў раней», — пісаў літаратуразнаўца Пятро Васючэнка.

Але гэта не зусім настальгія па пакінутым асяроддзі. Як пісаў сам Стральцоў, яго лірычнаму герою «хацелася прымірыць горад і вёску ў сваёй душы». Мэта ў яго блуканнях — дасягненне ўнутранай гармоніі, згоды з самім сабой.

Міхась Стральцоў з жонкай Аленай і дачкой Алесяй у доме творчасці пісьменнікаў «Каралішчавічы». 1978 год. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
Міхась Стральцоў з жонкай Аленай і дачкой Алесяй у доме творчасці пісьменнікаў «Каралішчавічы». 1978 год. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

«Я павярнуўся і паціху пайшоў тратуарам, і тут, на тратуары, раптам таксама ўбачыў сена — невядома кім растрэсены клок падсохлага сена. Па-лугавому, па-летняму пахла сенам. „Сена на асфальце, — падумаў я, — сена на асфальце…“ Быццам доўга я шукаў нечаму слова і раптам яго знайшоў. „Сена на асфальце, — узрадавана думаў я. — Вёска ў горадзе…“», — сканчвае Стральцоў дзеянне свайго апавядання.

Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч праводзіць паралель паміж гэтым творам і «Дзвюма душамі» Гарэцкага: у абодвух героі шукаюць немагчымага кампрамісу.

Пасля гэтага твора доўга лічылася, што Стральцоў канчаткова паставіў кропку тэме супярэчнасці паміж горадам і вёскай ў беларускай літаратуры. Аж да таго часу, пакуль ужо ў 2010-х не з’явіўся Андрэй Горват са сваім «Радзівам „Прудок“». І аказалася, што гэтая тэма ўсё так жа адгукаецца беларусам, як і больш чым паўстагоддзя таму.

3. Напісаў найлепшае беларускае апавяданне савецкіх часоў

Апавяданне «Смаленне вепрука» (1973) называюць самым загадкавым у беларускай літаратуры. Пятро Васючэнка лічыць яго «аповедам аповедаў, навелай навел з непераўзыдзеным сюжэтам», а Стральцова — першаадкрывальнікам жанру постмадэрнісцкага апавядання.

Тэкст твора складаецца з дзевяці частак. Вось як іх апісвае Альгерд Бахарэвіч. Першая частка — лірычны пачатак. Другая — адступленне, дзе аўтар паведамляе, што даўно хацеў напісаць апавяданне пад назвай «Смаленне вепрука», але, бадай, не напіша. Трэцяя — апісанне раёна гораду, дзе калісьці жыў герой. У чацвёртай частцы аўтар зноў вяртаецца да свай задумы пра апавяданне і дзеліцца планамі. Пятая «распавядае пра таямнічую цыклічнасьць прыроды», тое, што вядзе чалавека «да неабходнасці забіць прызначаную жывёліну, пра старажытны закон, які гэты акт апраўдвае і тлумачыць». У шостай частцы набліжэнне смерці і само забойства паказваецца вачыма ахвяры. У сёмай аўтар робіць выгляд, што раскрывае сюжэт будучага апавядання, дзе герой — «сын, які рынуўся ў жыццё, не ашчаджаючы сябе», але ў рэшце рэшт «зазнаў расчараванне і адчай», згадвае маці і разумее, что «марна растраціў сілу сваёй любові». У восьмай частцы сыну сніцца сон пра яго маці ў вёсцы, а ўдзень прыносяць тэлеграму з весткай пра яе смерць. У дзявятай аўтар вяртаецца да таго ж апісання прыроды, што і на пачатку «Смалення», і чытач разумее, што апавяданне, якое планавалася, насамрэч ужо напісанае — вось яно, перад ім.

Міхась Стральцоў. Фота: svaboda.org
Міхась Стральцоў. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

«Гэты тэкст, на мой погляд, найлепшае, што было напісана ў Беларусі савецкіх часоў. Такому не навучыш, такое можна толькі слухаць з заплюшчанымі вачыма. Па эстэтыцы, па сіле ўспрымання, па стылі, па інтанацыі, абранай аўтарам, — усё гэта тут супала такім шчаслівым чынам, што дзень, калі напісалася „Смаленне“, мог бы лічыцца пачаткам новай эры. Гэта тэкст для гурманаў», — дадаваў Альгерд Бахарэвіч. Паводле словаў апошняга, чытачу не варта рабіць выгляд, што ўсё зразумеў. «Чытаючы Стральцова, трэба не столькі думаць над кожным радком, колькі аддавацца стыхіі тэксту: ён сам выводзіць да нейкіх высноваў, часам неверагодных у сваёй простасці, але чамусьці недасяжных», — дадае ён.

Філосаф Валянцін Акудовіч лічыў гэты твор рубежным не толькі ў творчасці, але і ў біяграфіі Стральцова. Пачатак яго гучыць так:

«Ідуць ужо халады, бяруцца прымаразкі — падаюць інеем сырыя туманы. Чарсцвее зямля, і цёмным, ільсняна халодным зяленівам б’е ў вочы парадзелая пры дарозе трава. Ужо выпетрала зябліва, пасівела ў гародчыках і пазванчэла бадыллё, і панішчымніла паветра. Неба ўдзень ужо ніжэй прыпадае, ціснецца да зямлі. Яшчэ выганяюць на пашу кароў — далей ад вёскі, у лес. Пад вечар жывёла не хоча вяртацца ў хлеў, цаляе адбіцца ў прапахлае бульбоўнікам і сцюдзёным капусным водарам поле». Гэтае ж апісанне паўтараецца ў канцы, пасля чаго аўтар дадае: «Такою парою пішу я эпітафію апавяданню, якое магло б называцца „Смаленне вепрука“».

«Дух смерці лунае над гэтым геніяльным апавяданнем, напоўненым пахамі, фарбамі і гукамі нежытва», — адзначаў Акудовіч. На яго думку, у гэтым творы аўтар перажыў свой метафізічны сыход: «Тут невараць урэшце запанавала ўсюды і найперш у ім самім. Ён сам быў тым, каго забіваюць, ён сам быў тым, хто забівае, ён сам з сябе склаў ахвярнае вогнішча і сам быў тым ахвярным дымам, што завершыў яшчэ адзін кругазварот быцця».

Міхась Стральцоў. Фота: moyby.com, be.wikipedia.org
Міхась Стральцоў. Фота: moyby.com, be.wikipedia.org

4. Адзіны значны айчынны празаік, які паспяхова перайшоў у паэзію

Сімвалізм у «Смаленні вепрука» быў недарэмны. Яно стала апошнім празаічным творам Стральцова — наступныя 15 гадоў жыцця, да самай смерці, ён будзе пісаць толькі вершы. У тым сэнсе, які закладваў Акудовіч, Міхась сапраўды забіў сябе як празаіка. Ці то не верыў, што напіша ў прозе нешта лепшае, ці то адчуў, што ўжо выказаўся напоўніцу, ці то — больш імаверна — вырашыў, што паэтычная форма лепей адлюструе яго думкі.

Гэткі пераход быў нетыповым. Проза ў савецкія часы (ды як і заўжды) была больш запатрабаванай, частыя публікацыі адкрывалі шлях да матэрыяльных дабротаў. Але Стральцоў і тут не стаў ні пад каго падладжвацца.

У кулуарах усё ж спадзяваліся на вяртанне Міхася як празаіка. Гучала нават назва аповесці, над якой ён працаваў: «Конь гуляў на волі». У часопісе «Маладосць» неаднаразова анансаваўся і пасля пераносіўся яе выхад. Але рукапіс у рэдакцыю так і не паступіў. Стральцоў сапраўды задумваў твор з такой назвай, у яго архіве засталіся чарнавыя накіды. Аднак да рэальнага напісання справа так і не дайшла.

Пераход з паэзіі ў прозу, асабліва з узростам, не рэдкая з’ява ў літаратуры, нават Пушкін у «Яўгене Анегіне» наракаў: «Лета к суровой прозе клонят, лета шалунью рифму гонят». Але Стральцоў зрабіў наадварот, і гэта быў, бадай, адзіны такі выпадак сярод айчынных класікаў. Вядома, у маладосці ён, як усе, меў паэтычныя спробы, але першы зборнік вершаў у Міхася выйшаў толькі ў 1973-м — у год публікацыі «Смалення вепрука».

А найбольш незвычайна тое, што гэты пераход у выпадку Стральцова быў надзвычай удалым. Ён аказаўся на рэдкасць выбітным паэтам, прыродным майстрам вершаванага радка.

Над краем гэтак міла-міла

Увесну сонейка свяціла —

Свяціўся ліст, свяціўся свет.

I быў для сэрца не замкнёны,

I быў душою бласлаўлёны

Птушыны свіст і траўны цвет.

Уранку гэтак ветла-ветла,

Уранку гэтак светла-светла

Зырчэў туман, трымцеў прамень.

I з промнем гэтым заручоны,

Надзеяй ціхай пазлачоны,

Прыходзіў дзень, праходзіў дзень…

Дык не маніце, дык скажыце,

Што перапёлка змоўкла ў жыце,

Што восень лісця намяла,

Што нешта ў свеце адбылося,

Што нешта ў свеце не збылося

I што чаромха адцвіла.

Скобла называў Стральцова паэтам «строга класічным і на дзіва гарманічным, па якім, як па камертоне, можна правяраць свой паэтычны слых». Дарэчы, менавіта так, «аб Стральцова», чытаючы яму свае радкі, правяраў удаласць гучання верша паэт Рыгор Барадулін, які стаў адным з найбольш дасканалых і вытанчаных беларускіх паэтаў.

Міхась Стральцоў. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
Міхась Стральцоў. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

«Тонкі лірык, лірык-філосаф, паэт, які як мала хто мог спыніць гэтую мімалётнасць і выказаць тое, што іншымі спосабамі, акрамя лірычнай паэзіі, выказаць немагчыма, — мяжа сну і явы. Паэт, класічна ўзважаны — правільная рыфма, дасканалы радок», — дадаваў Андрэй Хадановіч.

Прысніўся верш — не верш, а два радкі.

Абломак лодкі ўсплыў са дна ракі,

І кружыць вір счарнелую траву.

З абломкам лазні к берагу плыву.

Прачнуўся. Дзень трывогаю прапах,

І два радкі гаркотай на губах.

Пры гэтым Стральцоў мог дазволіць сабе і хуліганства, балансаванне на мяжы правільнасці і няправільнасці, рыфмаванай паэзіі і верлібра.

Трамвай, як сараканожка, —

марудна імклівы і доўгі,

яшчэ да таго ж сляпы.

Асаджаны глуха і вусцішна

над стукатам нізкіх ног.

Трамвай, як сараканожка…

Не, не падабаецца мне гэтае параўнанне.

Параўнаю трамвай лепш з вожыкам,

што цвёрда і шпарка

бяжыць па падлозе — тук! тук! тук!

Вядома, пісаў Стральцоў і пра каханне.

I гэты блаславiў я дзень,

I над крынiцай я нагнуўся,

Калi ў асмужанай вадзе

Твой светлы вобраз калыхнуўся.

Струмень я пiў, я слодыч пiў,

Нiбы чыё наканаванне,

Я так тады цябе любiў,

Бы прадчуваючы расстанне!

Нiбы скараўся я журбе,

Нiбы скараўся ўжо расплаце…

Хоць i не ведаў, што цябе

Ужо даўно наяве страцiў.

Радок «нібы скараўся я журбе» адлюстроўваў і агульную танальнасць усёй паэзіі Стральцова. «Не радасць дамінавала ў яго характары, не весялосці выпадала быць запаветным пачуццём. Калі весялосць і з’яўлялася, то абавязкова ў журботнай афарбоўцы. Непазбыўная нота жалю ўвесь час працінала ягоную надламаную постаць, і ён звыкся з гэтай нотай. Ён не проста сумаваў, а жыў сумам — не сумна, а менавіта сумам, як начныя кветкі жывуць расой. <…> Ягоная паэзія — творчасць стомленай душы, разгубленай не так перад жыццём, як перад сваімі пачуццямі», — разважаў паэт Леанід Дранько-Майсюк.

Справа налева: Міхась Стральцоў, Янка Брыль, Аляксандр Станюта. 1986 год. Фота: Анатоль Каляда, газета «Літаратура і мастацтва», Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
Справа налева: Міхась Стральцоў, Янка Брыль, Аляксандр Станюта. 1986 год. Фота: Анатоль Каляда, газета «Літаратура і мастацтва», Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

Сімвалічны апошні верш Стральцова, напісаны ў 1987-м незадоўга да смерці. Яго нават называюць духоўным завяшчаннем паэта.

У скверы гэтым лугавінка

Мне, што выпадкам, так сабе,

Задобрыў думку ўспамінкам

Аб даўняй ліпеньскай касьбе,

— Такая радасць і аддуха,

Такая горыч і журба!

Сядзі і ўласным сэрцам слухай,

Як адступае ціха скруха,

А з ёй — і гора, і бяда.

Няхай! Ды толькі дзе, мой хлопча,

Падстрэшак той і дзе каса?

Другі ўжо нехта копы топча,

Другі ў прыпар спачыну хоча,

Другія там — не ты ўжо сам.

Ах, божа мой!

Чыёю верай

Перада мной той даўні луг

Паслаўся чыстаю паперай,

Каб я радком пракосы мераў,

Касіў за двух

I жыў за двух!

5. Дапамог прызнанню Максіма Багдановіча як класіка

Стральцоў вядомы не толькі як празаік і паэт. Ён перакладаў на беларускую — напрыклад, «Буранны паўстанак» Чынгіза Айтматава (1987), выступаў як літаратуразнаўца і крытык — аналізаваў творчасць класікаў і пісаў рэцэнзіі на кнігі сучаснікаў.

Міхась Стральцоў (справа) і Мікола Капыловіч. Мінск, парк імя Максіма Горкага, канец 1960-х гадоў. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
Міхась Стральцоў (справа) і Мікола Капыловіч. Мінск, парк імя Максіма Горкага, канец 1960-х гадоў. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

Дарэчы, методыка яго працы адрознівалася ў розных жанрах. Жонка згадвала, што друкарка стаяла ў кабінеце, а сам Стральцоў, які тады працаваў дома, прыходзіў на кухню папаліць і падумаць. «Раптам, не дапаліўшы цыгарэту, бяжыць у кабінет да машынкі, і я чую, як яна стракоча, як кулямёт. Гэта ён так артыкулы пісаў. А прозу ён пісаў ад рукі. Звычайна дома ён хадзіў у тоненькай кашульцы. І я бачыла, як у яго па спіне ішла палоска поту, ён пісаў цяжка — быццам дровы сек. Проза яму цяжка давалася. Нават фізічна», — расказвала Алена.

Але сярод публіцыстыкі несумненным шэдэўрам стала стральцоўскае эсэ «Загадка Багдановіча», напісанае ў 1968-м. Фармальна кажучы, новых звестак у ім не было. ды аўтар і не ставіў такой задачы, бо пісаў не навуковае даследаванне. Сутнасць была ў іншым. Ніколі не бываўшы ў Ялце, Стральцоў змог нібы перанесціся туды і надзвычай дакладна апісаў апошнія дні Максіма Багдановіча. Але эсэіста цікавілі не толькі і не столькі факты з біяграфіі паэта. Важней яму было зразумець, як юнак, які вырас і пражыў большую частку сваіх кароткіх 25 гадоў па-за межамі Беларусі, стаў адным з апорных слупоў беларускай літаратуры.

«Загадка ёсць у лёсе амаль кожнага мастака. Гэта загадка ракі: яна нараджаецца недзе ў вытоках, трымціць і мроіцца там, і толькі мора, у якое ўпадае рака, цалкам разгадвае яе. Мора — гэта час, жыццё народа і літаратуры, да якіх прылучаецца мастак. У асобе, у адзінкавым лёсе загадка, у жыцці народа і літаратуры вырашэнне яе», — пісаў Стральцоў.

Міхась Стральцоў. 1984 год. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва
Міхась Стральцоў. 1984 год. Фота: Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва

Раскрыўшы Максіма як жывога чалавека, аўтар спрычыніўся да рэнесансу Багдановічавай паэзіі. Пра яго ўжо меліся публікацыі, але агульнапрынятага статуса «класіка» ў яго яшчэ зусім не было. Менавіта стральцоўскае эсэ, па словах Анатоля Сідарэвіча, стала «самаю прызнанаю працаю, што папулярызавала творчасць Багдановіча».

Але Стральцоў убачыў ролю памерлага паэта яшчэ большай. На думку Леаніда Дранько-Майсюка, «Загадка Багдановіча» была не проста хвалебным творам — гэта быў «інтэлектуальны ўздых, нават плач па нашых страчаных магчымасцях». Стральцоў лічыў, што ў асобе Багдановіча лёс нарэшце даў быў Беларусі паэта, праз творчасць якога яна магла б заявіць пра сябе свету ў мастацтве (як Францыя заявіла праз творчасць Поля Верлена). Але не выйшла: век паэта аказаўся кароткім, зборнік «Вянок» застаўся адзіным, што ён паспеў зрабіць.

«У выніку праз Багдановіча, праз тое, што ён паспеў напісаць за свае няпоўныя дваццаць шэсць гадоў, Беларусь здзейснілася толькі дзеля сябе самой — гэта значыць, не ў свядомасці свету, а толькі ў сваіх яшчэ не надта нацыянальна-ўстойлівых думках і адчуваннях», — пераказвае Дранько-Майсюк разважанні аўтара эсе.

«Загадка Багдановіча» сканчалася метафарычным зваротам Стральцова да сучасных яму літаратараў, у якім ён міжволі сфармуляваў зерне філасофіі пісьменніцкай творчасці: «Застаўся пасля яго адзін „Вянок“. Не старайцеся ўплятаць туды новыя кветкі: тыя, што там, ніколі не завянуць. Сплятайце свае вянкі. He старайцеся адшчыкнуць хоць адзін лісток ад тых лаўраў: тыя лаўры, перш чым стаць імі, былі цернямі».