Падтрымаць нас
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

«„Ці рабіла якая-небудзь дзяўчына такое раней?“ — ахнуў недаверлівы амерыканскі тэлекаментатар, звяртаючыся да свайго напарніка, які ледзь паспеў падабраць сківіцу з падлогі, каб адказаць: „Ніколі! Ніколі! Ні адзін чалавек з тых, каго я ведаю! У мяне ад гэтага мурашкі па скуры!“» — так брытанскае выданне The Guardian апісвала трыумфальны выступ Вольгі Корбут на Алімпіядзе-1972 у Мюнхене, які здзейсніў рэвалюцыю ў спартыўнай гімнастыцы. Аднак на адваротным баку медаля былі падзеі, раскрыць якія жанчына зможа толькі праз шмат гадоў. Расказваем гісторыю трыумфу і жыцця легендарнай беларускі, якой 16 траўня споўніўся 71 год.

Трэніроўкі ў спартанскіх умовах

Вольга Корбут нарадзілася ў 1955 годзе ў Гродне, мама была кухарам, тата — інжынерам, яна — малодшая з чатырох дачок. Бацька называў яе найлепшай, менавіта так, па-беларуску.

У дзевяць гадоў дзяўчынка трапіла ў секцыю спартыўнай гімнастыкі. Праз паўгода трэнерка акрэсліла яе як бесперспектыўную, але праз нейкі час Вольгу ўсё ж адправілі ад школы на гарадскі турнір, дзе яе заўважыла Алена Валчэцкая, чэмпіёнка Алімпійскіх гульняў — 1964, якая тады сама трэніравала дзяцей.

Ольга Корбут и ее тренер Ренальд Кныш. Фото с сайта sb.by
Вольга Корбут і яе трэнер Рэнальд Кныш. Фота: sb.by

Яе кіраўнік, трэнер Рэнальд Кныш, не раіў браць Корбут. «Казаў, што гімнасткі з яе не будзе. Але яна мне падабалася. Тым больш што мне ж групу трэба было набраць, — расказвала Валчэцкая. — А потым ужо і Рэнальд Іванавіч звярнуў на яе ўвагу і папрасіў аддаць яму Вольгу. І я з яго жартавала: „Навошта, з яе ж гімнасткі не будзе?“» Так з дзесяцігадовага ўзросту дзяўчынка перайшла да Кныша.

Умовы для заняткаў былі ніякімі. «У той зале стаялі тры печкі. І месца было настолькі мала, што для таго, каб разбягацца на апорны скачок, мы выходзілі ў калідор. Дагэтуль памятаю, як залазіла на брыкет так моцна, што ён рассыпаўся пасля таго, як мы адштурхоўваліся ад яго. І матаў у нас не было паралонавых, толькі жорсткія з кавалкаў скуры. Мы і пальцы збівалі, і стрэмкі заганялі на бервяне», — дадавала Валчэцкая. Толькі нашмат пазней, пасля трыумфу Корбут, у цэнтры Гродна на распараджэнне міністра абароны СССР Андрэя Грэчкі пабудавалі годную дзіцяча-юнацкую спартыўную школу.

Вольга прызнавалася, што бацькі першы час нават не ведалі, што яна ходзіць на гімнастыку. Не таму, што яна хавала, — тата з мамай проста шмат працавалі. Для дзяўчынкі секцыя стала далучэннем да цуду. «Калі б гімнастыкі не было, я б яе прыдумала. Я нарадзілася быць гімнасткай. Калі б мне не даў Бог таленту, я б не змагла выконваць тое, што рабіла. Я цяпер гляджу сваімі вачыма на гэтую дзяўчынку і не магу паверыць: як можна было столькі аддаць працы, намаганняў, каб зрабіць гэты адзін элемент на брусах, іншых снарадах… Гэта трэба настолькі любіць!» — казала яна.

«Пятля Корбут». Фота: sb.by
«Пятля Корбут». Фота: sb.by

Поспехі не змусілі сябе чакаць. У 1969-м Вольга ўжо выступала на чэмпіянаце рэспублікі, а потым і на чэмпіянаце СССР, хоць ёй было толькі чатырнаццаць гадоў, а ў гэтым турніры звычайна ўдзельнічалі з пятнаццаці. Корбут заняла пятае месца: суддзі прызналі яе майстэрства, але знізілі ацэнкі за наватарства. На тых спаборніцтвах яна стала першай гімнасткай, якая выканала адваротнае сальта ў паветры на бервяне («сальта Корбут») і адваротны пералёт (адпусканне рук) на рознавысокіх брусах («пятля Корбут»). На першынстве СССР 1970-га яна заваявала залаты медаль у апорным скачку.

Аднак доўгі час беларуска заставалася ў цені сваіх суперніц. Большую частку алімпіяднага 1972 года яна наогул не ўдзельнічала ў спаборніцтвах праз хваробу і траўму. І толькі за некалькі месяцаў да Алімпіяды яна заваявала Кубак СССР, трапіла ў зборную Саюза і ўзяла курс на Мюнхен.

Трыумфальная пятля

Першай дысцыплінай спартыўнай гімнастыкі, па якой праходзіла спаборніцтва, было бервяно — на ім Корбут паказала сваё сальта. «Гледачы прывыклі бачыць гэта на падлозе, але не на бервяне, таўшчыня якога складала ўсяго 11,3 см. Яе смеласць і майстэрства ўразілі ўсіх, пасля чаго пачуліся воклічы ўхвалы і апладысменты. <…> Да таго часу бервяно асацыявалася з балетнай грацыяй і элегантнасцю, а тут раптам з’явілася дзяўчына, якая дэманструе на ім неймаверны спрыт, не баючыся ўпасці», — пісаў The Guardian.

Ольга Корбут. Фото: europegym.ru
Вольга Корбут. Фота: europegym.ru

Заваяваўшы на бервяне золата, Вольга ўзяла яшчэ адно золата ў свабодных практыкаваннях і атрымала трэці залаты медаль у камандным першынстве. Апошнімі былі выступы на рознавысокіх брусах.

Падчас першай спробы Корбут паслізнулася і дапусціла некалькі памылак. Яна расплакалася, што было зусім незвычайна для савецкіх спартоўцаў, якіх вучылі стрымліваць эмоцыі. Аднак на наступны дзень у фінале яна выканала тую самую «пятлю Корбут»: «Сальта назад са стойкі на нагах на верхняй жэрдцы, пры якім яна змудрылася адштурхнуцца назад, нібы зацягнутая гіганцкім нябачным пыласосам, спрытна абхапіць жэрдку ззаду сябе і працягнуць кручэнні і кулянні», — апісваў гэта The Guardian.

Вользе паставілі ўсяго 9,8 бала з максімальных дзесяці. Гэта выклікала абурэнне 11 тысяч гледачоў, якія некалькі хвілін асвіствалі суддзяў, аднак тыя адмовіліся змяніць адзнаку, і па гэтай дысцыпліне спартоўка атрымала срэбра.

Аднак нашмат важнейшым быў агульны вынік. Сваім прарыўным выступам 17-гадовая беларуска змяніла сусветную гімнастыку і фактычна заклала сучасныя асновы гэтага віду спорту. Да Мюнхена акцэнт рабіўся на грацыі і элегантнасці, а большасць гімнастак былі старэйшыя і больш дасведчаныя. Пасля прыкладу Корбут гэты від спорту стаў больш дынамічным, а спаборнічаць у ім пачалі ў асноўным юныя спартоўкі.

Сваю ролю адыграла і несумненная харызма беларускі. Вольгу называлі вераб’ём з Мінска і «цудам з коскамі» — менавіта такую назву атрымаў савецкі мастацкі фільм, зняты ў тым жа 1974-м на аснове гісторыі дзяўчыны. «Яна здавалася такой непадобнай на астатнюю сур’ёзную, чапурыстую савецкую дэлегацыю. Свет быў зачараваны яе выступам», — пісалі праз гады журналісты. Гэта было асабліва каштоўна ў атмасферы халоднай вайны.

Выступ Корбут выклікаў паўсюдную цікавасць да яе віду спорту. Напрыклад, у Вялікабрытаніі ў 1972 годзе гімнастыкай займаліся 500 тысяч чалавек, а потым за два гады іх колькасць павялічылася да 3 млн.

Згасанне кар’еры

Праз 11 месяцаў пасля Мюнхена Корбут атрымала нечаканы ўдар: найскладанейшыя элементы, якія яна так віртуозна выконвала, забаранілі праз экстрэмальна вялікую рызыку сур’ёзных траўмаў для спартоўцаў. Вольга была абураная і пагражала нават сысці са спорту: «Гімнасты не застрахаваныя ад траўмаў. Па сутнасці, мяне просяць перагледзець свае погляды на гімнастыку, не пакідаючы мне выбару. Гімнастыка — гэта самавыяўленне».

Аднак выбару ў дзяўчыны не было, давялося пагадзіцца з правіламі гульні. Яна працягнула выступаць і ў 1973 годзе заваявала золата на чэмпіянаце СССР і Сусветных студэнцкіх гульнях, срэбра на чэмпіянаце Еўропы.

Вольга Корбут на Алімпійскіх гульнях — 1972 у Мюнхене. Фота: commons.wikimedia.org
Вольга Корбут на Алімпійскіх гульнях — 1972 у Мюнхене. Фота: commons.wikimedia.org

Сусветная папулярнасць адкрывала перад Вольгай любыя дзверы. У тым самым годзе з ёю і з усёй зборнай Саюза захацеў сустрэцца прэзідэнт ЗША Рычард Ніксан. Каманду запрасілі ў Белы дом. «Я не размаўляла па-англійску, але ведала са школы элементарныя словы. Ён, вельмі высокі, падышоў да мяне і кажа: „Якая маленькая дзяўчынка“. А я яму ў адказ: „А ты вялікі хлопчык“. Уся прэса смяялася страшна», — успамінала Корбут.

У 1974 годзе на чэмпіянаце свету Вольга заваявала золата ў апорным скачку і ў камандным спаборніцтве, а вось у астатніх дысцыплінах атрымала чатыры срэбныя медалі. Канкурэнцыя ў гімнастыцы станавілася ўсё больш жорсткай, ды і частыя паездкі маглі збіваць рытм трэніровак. Тым не менш на чарговыя Алімпійскія гульні ў 1976 годзе беларуска ехала ў статусе жывой легенды. Праўда, незадоўга да іх яна траўмавала галенастоп, але гэта не перашкодзіла ёй выйграць залатую ўзнагароду ў камандным першынстве і срэбра ў спаборніцтвах на бервяне.

Аднак пасля папярэдніх поспехаў гэтага было ўжо мала. Вольгу зацьмілі і напарніца па камандзе Нэлі Кім, і 14-гадовая румынка Надзя Каманечы — менавіта яна атрымала найвышэйшы бал, дзясятку. «Цягам усяго спаборніцтва камеры, якія з любоўю здымалі Корбут у Мюнхене, цяпер, здавалася, з нейкай радасцю паказвалі яе расчараванне ад падзенняў і памылак», — пісаў The Guardian.

Дамаганні і згвалтаванне

Тады ніхто не падазраваў, што выдатныя дасягненні маладой спартоўкі — гэта толькі парадны бок яе жыцця ў гімнастыцы. Адваротным бокам быў гвалт, які чыніў той самы знакаміты трэнер Рэнальд Кныш, — і гвалт не толькі псіхалагічны.

Людміла, сястра Вольгі, прывяла тыповы прыклад таго, як трэнер Кныш паводзіў сябе з яе сястрой: «І біў ён яе. І прыніжаў. Вось ідзе размінка ў зале. Маленькія, сярэднія дзеці, усе гімнасткі. Уваходзіць Воля, ужо ў статусе алімпійскай чэмпіёнкі. Становіцца, натуральна, першая. Ён: „Назад! У канец!“ Яна кажа: „Я не буду ў канцы стаяць. Чаму я мушу?“ Там дзеці пяці-шасці гадоў — і яна, алімпійская чэмпіёнка. Яна яго не слухаецца, дык ён яе прылюдна ў зале можа ўдарыць — па галаве, па твары — пры дзецях. І я гэтаму была сведкай, калі іх разводзіла. І ў распранальні разводзіла, бегла за ім, бо ведала, што ён там яе будзе пераследаваць».

Рэнальд Кныш. Фота: Міністэрства спорту і турызму Беларусі
Рэнальд Кныш. Фота: Міністэрства спорту і турызму Беларусі

Але тое, што хавалася ад усіх старонніх вачэй, было яшчэ горшым.

«Многія дзяўчаты ў нашай камандзе станавіліся сэксуальнымі рабынямі сваіх трэнераў, і я была адной з іх», — прызналася Корбут праз шмат гадоў, у 1990-м. Яшчэ пазней, у 2018 годзе, яна заявіла на тэлебачанні, што, калі ёй споўнілася 17, проста перад Алімпійскімі гульнямі, Кныш згвалціў яе ў мінскай гасцініцы «Юбілейная». А таксама збіваў у машыне: «Білі там! А як збілі, калі адбілі мне перапонку».

Кныш усё гэта адмаўляў. Але пасля эфіру яшчэ чатыры ягоныя вучаніцы заявілі, што зазналі з яго боку псіхалагічны гвалт, рэгулярныя дамаганні ў аўтамабілі, што ён паказваў ім порначасопісы і сэксуальныя цацкі.

Вольга пасля перажытага некалькі гадоў крычала начамі: «Не чапай мяне, мне балюча».

Зорны шлюб

У 1977 годзе Вольга Корбут скончыла трэнерскі факультэт Гродзенскага педінстытута і яшчэ праз год канчаткова пакінула кар’еру ў вялікай гімнастыцы. Так у 23 у яе пачалося новае жыццё. Дзяўчына будзе спрабаваць сябе нават у конным спорце. Але ў тым самым годзе ў яе адбылося яшчэ адна важная падзея: яна выйшла замуж.

Абраннікам Вольгі стаў саліст «Песняроў» Леанід Барткевіч. На сямідзесятыя гады акурат прыпаў пік папулярнасці ансамбля пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна. Леанід быў там зоркай — менавіта ён выконваў песні «Белоруссия», «Бярозавы сок», «Александрына», «Вераніка», «Алеся» і іншыя хіты.

20-гадовая Корбут пазнаёмілася з 26-гадовым Барткевічам у 1975-м, у самалёце па дарозе ў ЗША. «Песняры» ўпершыню ляцелі туды на гастролі, а гімнастка са сваёй камандай — на паказальныя выступленні.

«Вольга і я сядзелі ззаду. Мы перазірнуліся, і яна кажа: „Чаго будзем сядзець сумаваць? Давай пагаворым!“ Гаварылі гадзін пяць… Роўна праз год яна мне патэлефанавала, і больш мы не расставаліся. Я даўно яе кахаў», — расказваў Барткевіч.

Малады спявак скасаваў свой першы шлюб і ў 1978-м ажаніўся з Корбут. Ужо праз год у іх нарадзіўся сын Рычард.

Леанід Барткевіч і Вольга Корбут. Фота: сямейны архіў, TUT.BY
Леанід Барткевіч і Вольга Корбут. Фота: сямейны архіў, TUT.BY

З часам Вольга вярнулася да гімнастыкі як трэнерка і пачала працаваць у Дзяржкамітэце спорту СССР па Беларусі. Пры гэтым за мяжой яна заставалася папулярнай. У 1988-м яе першай увялі ў новаствораную Міжнародную залу славы гімнастыкі.

Эміграцыя

У 1986 годзе здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС, пра якую Корбут даведалася толькі праз дзесяць дзён з замежнага радыё і чутак. Наступствы гэтай катастрофы змусілі сям’ю перагледзець планы на жыццё.

У 1990-м Вольга, якой было ўсяго 35 гадоў, заўважыла, што пачала хутка стамляцца, у яе пачаліся праблемы са шчытападобнай залозай. Акрамя таго, ведаючы, што многія дзеці пасля аварыі захварэлі на лейкемію, яна баялася за здароўе 12-гадовага сына.

Жалезнай заслоны тады ўжо не было, выязджаць за мяжу стала прасцей, і летам таго года бацькі адправілі Рычарда ў ЗША да сяброў, у штат Нью-Джэрсі. Увесну 1991-га Вольга і Леанід прыехалі да сына. Сям'і аператыўна зрабілі абследаванне ў анкалагічным даследчым цэнтры — усе аказаліся здаровыя.

Спачатку пра эміграцыю назаўжды яны не думалі. Алімпійскай чэмпіёнцы прапанавалі ў Штатах працоўны кантракт, а муж, з яго словаў, проста не мог пакінуць яе адну (з «Песняроў» ён на той час даўно сышоў). Будучыня была няпэўнай. Але распад Савецкага Саюза, маштабны эканамічны крызіс і чарнобыльскія праблемы не дадавалі матывацыі да вяртання.

Леанід Барткевіч і Вольга Корбут. Фота: сямейны архіў, TUT.BY
Леанід Барткевіч і Вольга Корбут. Фота: сямейны архіў, TUT.BY

У выніку ў тым самым 1991 годзе сям’я пасялілася ў штаце Джорджыя, дзе Вольга стала трэнеркай спартыўнай школы ў невялікім горадзе Данвудзі. А вось савецкая музыка не была запатрабаваная за акіянам, таму Леанід працаваў у кампаніі, якая займалася фатаграфіяй і выпускам постараў, стаў там менеджарам. А для душы пісаў карціны.

Сямейная ідылія скончылася ў жніўні 2000-га, калі ў госці на месяц прыехаў Уладзімір Мулявін і пераканаў Барткевіча з’ездзіць на радзіму і паўдзельнічаць у фестывалі «Залаты шлягер». Сказаў, маўляў, што тут робіш, я запрашаю, паехалі. І Леанід паехаў.

Гэта перавярнула яго жыццё: «Думаў, мяне забылі ўжо. Дзесяць гадоў я не працаваў у „Песнярах“. На маё здзіўленне, публіка ўстала, калі я выканаў „Бярозавы сок“. Я расплакаўся. Потым сабе сказаў: ніякіх Амерык, зноў сцэна, зноў „Песняры“».

У выніку муж і жонка развяліся, і Леанід канчаткова вярнуўся ў Беларусь, зноў пачаў выступаць. Пазней ажаніўся з мадэллю Таццянай Радзянка, якая была на 36 гадоў маладзейшай за спевака. У 2021 годзе ён памёр ад цукровага дыябету.

«Калі б Мулявін тады да мяне не прыехаў, я б не з’ехаў і сям’я б не распалася», — прызнаваўся Барткевіч.

Продаж медалёў і новыя адносіны

Вольга засталася з сынам у ЗША, і першыя гады пасля разводу былі не надта ўдалымі. У лютым 2002-га Корбут трапіла на першыя палосы амерыканскіх газет, але нагода была далёкая ад прыемнай: яе абвінавацілі ў крадзяжы. Гэта быў цалкам дурны інцыдэнт: Вольга набрала вазок прадуктаў — сыр, шакаладны сіроп, інжыр і іншае — і пакаціла яго праз касу проста да выхаду. Як потым тлумачыла менеджарка экс-чэмпіёнкі, тая проста забыла кашалёк у машыне і вырашыла схадзіць па яго разам з вазком, вярнуцца і заплаціць.

Кошт прадуктаў складаў усяго 19 даляраў, але спробу праходу без аплаты трактавалі як крадзеж. Вольгу затрымалі, аднак суд выпусціў яе пад заклад у 600 даляраў. Пасля праходжання выхаваўчай праграмы справу закрылі.

Вольга Корбут. Фота: Facebook Вольгі Корбут
Вольга Корбут. Фота: Facebook Вольгі Корбут

У тым жа 2002 годзе ўзнікла новая праблема. Рычарда Барткевіча, 24-гадовага сына Корбут, прызналі вінаватым у вырабе 30 000 фальшывых даляраў. Матывы так і засталіся незразумелыя, бо хлопец працаваў у Крамянёвай даліне і вострай патрэбы ў грашах не адчуваў. Рычарда асудзілі на 3,5 года пазбаўлення волі, па адбыцці якіх, як замежнага грамадзяніна, дэпартавалі на радзіму — у Беларусь. Нейкі час ён пражыў з новай сям’ёй бацькі, але потым усё ж вярнуўся ў Амерыку і наладзіў камп’ютарны бізнес у Атланце.

Сама Вольга пазней выйшла замуж другі раз — за сябра сям'і Аляксея Войніча, але да рамантыкі гэта дачынення не мела. У Корбут ужо было амерыканскае грамадзянства, а Войнічу была патрэбная дапамога. «Ён быў журналістам. Я яго не кахала, выйшла замуж толькі таму, што ён хацеў атрымаць грамадзянства. Мы пражылі мала. Нават не ведаю, дзе ён цяпер», — расказвала яна пазней у інтэрв'ю.

У 2017-м Корбут зноў аказалася ў цэнтры ўвагі, калі выставіла на продаж свае алімпійскія медалі (хоць Барткевіч, які меў з ёю зносіны, казаў, што Вользе хапае сродкаў на жыццё). Атрымаць за ўзнагароды ўдалося 183 тысячы даляраў, і частку сумы экс-спартоўка скіравала на дабрачыннасць.

Цяпер беларуска жыве ў штаце Арызона з амерыканцам Джэем Шэнфілтам, спецыялістам па маркетынгу. Яна па-ранейшаму працуе трэнеркай, але працуе індывідуальна і толькі з тымі дзецьмі, якія самі хочуць займацца гімнастыкай, а не прыйшлі пад ціскам бацькоў.

Чытайце таксама