01САЛІГОРСК

Шукалі нафту — знайшлі старажытнае мора і галоўнае багацце краіны. Як Беларусь стала калійным гігантам і ці застанецца ім надоўга

СВАЙП
02ПАНЦЫРЫ РАКАСКАРПІЁНАЎ

У шахтах пад Салігорскам навукоўцы знайшлі панцыры ракаскарпіёнаў невядомага раней віду, яго назвалі Soligorskopterus tchepeliensis — у гонар горада і вёскі Чапелі, каля якой ён быў знойдзены.

Скамянеласць салігорскоптэра
Скамянеласць салігорскоптэра на вялікім кавалку сільвініту ў музеі «Беларуськалія». Фота: Канстанцін Харламаў, hk.livejournal.com

Як жа гэтыя ракаскарпіёны апынуліся на глыбіні амаль 600 метраў пад зямлёй? Каля 370 мільёнаў гадоў таму мёртвыя цельцы прэснаводных істот нейкім чынам — можа, вынесла водамі ручая — трапілі ў лагуну з перасоленай вадой. Яна і захавала панцыр да нашых дзён разам з той самай соллю, якую сёння рэжуць камбайны «Беларуськалія». Ці ведалі вы, што шахцёры ў салігорскіх рудніках у літаральным сэнсе працуюць на дне зніклага мора? Расказваем, адкуль пад беларускімі палямі ўзяліся мільярды тон калійнай солі, як яе выпадкова знайшлі геолагі, што шукалі нафту, як пасярод балот за некалькі гадоў вырас горад — і чаму ад салігорскіх шахтаў залежаць цэны на ежу ад Бразіліі да Кітая.

03МОРА

Мора пад нагамі

У дэвонскім перыядзе, задоўга да з’яўлення дыназаўраў, мацерыкі стаялі зусім не там, дзе цяпер. Будучая Беларусь уваходзіла ў склад кантынента, які ляжаў ля экватара: дробнае мора, што залівала тады сучаснае Палессе, знаходзілася на 10–14 градусах паўднёвай шыраты — прыблізна як сёння Мадагаскар. Клімат стаяў гарачы і засушлівы. А зямная кара ў гэтым месцы павольна расцягвалася і прасядала: уздоўж лініі будучых Прыпяці і Дняпра ўтварылася глыбокая западзіна, якую геолагі называюць Прыпяцкім прагінам — ён далей пераходзіць у Дняпроўска-Данецкую западзіну. Паводле звестак Геалагічнай службы ЗША, прасяданне Прыпяцкага прагіну пачалося каля 369 мільёнаў гадоў таму і доўжылася некалькі мільёнаў гадоў.

А далей гэтую ўпадзіну пачало запаўняць мора. Але на гарачым плыткаводдзі вада выпаралася хутчэй, чым яе папаўнялі рэкі. Расол гусцеў, і солі выпадалі ў асадак: першымі — найменш растваральныя карбанаты, затым сульфаты накшталт гіпсу, а потым ужо з самага канцэнтраванага расолу адкладаліся хларыды — каменная соль і калійна-магніевыя солі. Спрэсаваная сумесь калійнай і каменнай солі называецца сільвініт — гэта і ёсць ружавата-шэрая руда, дзеля якой пабудуюць Салігорск.

Гэты цыкл паўтараўся раз за разам на працягу мільёнаў гадоў: мора залівала западзіну, выпарвалася і заходзіла зноў. У выніку пад будучым Салігорскам выраслі адна над адной дзве саляныя тоўшчы. Ніжняя — каля паўкіламетра: у ёй геолагі налічваюць сем цыклаў выпарвання і чатыры пласты калійных соляў. Верхняя — да 1,5 кіламетра, і ў ёй такіх пластоў не менш за шэсцьдзясят.

Беларусь не адзіная ў свеце краіна, якая атрымала такі падарунак ад старажытнага акіяна. Прыпяцкі басейн з агульнымі запасамі ў 50 млрд тон — гэта трэцяя ў свеце найбуйнейшая крыніца калію пасля басейна Элк-Пойнт у Канадзе і Верхнякамскага басейна ў Расіі. Галоўнае радовішча Прыпяцкага басейна, якое забяспечвае каля 16% сусветнай калійнай прадукцыі, — Старобінскае, плошчай 325 кв. км і з запасамі 7,8 млрд тон. Менавіта з яго ўсё і пачалося.

Тэктанічныя структуры Беларусі
Тэктанічныя структуры Беларусі. Крыніца: geo.bsu.by
04РАЗВЕДКА

Шукалі нафту — знайшлі соль

У красавіку 1946 года Міністэрства геалогіі СССР вырашыла разгарнуць на Усходне-Еўрапейскай платформе вялікую разведку нафтавых пакладаў: краіне, якая аднаўлялася пасля вайны, патрабавалася паліва. Пра соль гаворкі не ішло, але пра яе ўжо здагадваліся. У 1933 годзе дасведчаны горны інжынер з Магілёва Аляксандр Розін, які тады быў адной з найбуйнейшых персон беларускай геолагаразведкі, навукова абгрунтаваў ідэю пра тое, што ў паўднёва-ўсходняй частцы Беларусі ёсць і нафта, і саляносныя тоўшчы. У 1939-м у раёне Даманавічаў (на захад ад Рэчыцы) прабурылі першую сур’ёзную свідравіну для разведкі. На глыбіні 843 метраў яна раскрыла магутны пласт каменнай солі. Але ў 1942 годзе Розін памёр, не дажыўшы да галоўнага салянога адкрыцця.

Пасля вайны пошук нафты працягнуўся. 11 мая 1949 года каля вёскі Чыжэвічы Старобінскага раёна пачалі свідраваць. Драўляная вышка са станком і слабенькім рухавіком на 22 конскія сілы, якая вырасла пасярод калгасных палёў, стала мясцовай славутасцю: глядзець на яе прыходзілі цэлымі сем’ямі.

Праца ішла кругласутачна, і нарэшце 9 ліпеня свідар падняў з глыбіні 349 метраў першы керн з крышталямі сільвініту. «Соль светла-ружовая з праслойкамі цёмна-шэрай гліны», — запісаў дзяжурны ў буравым журнале. Гэты момант стаў кропкай адліку новай галіны.

Свідравальная вышка каля вёскі Чыжэвічы, 1949 год
Свідравальная вышка першай разведкавай свідравіны каля вёскі Чыжэвічы, 1949 год. Фота: esoligorsk.by

Свідраваннем кіравала геолаг Наталля Несцерава, а старшым свідравальным майстрам брыгады быў Аляксандр Несцераў. Магчыма, людзі, якія выявілі галоўны беларускі мінерал, былі мужам і жонкай або сваякамі, але пацверджэнняў гэтага мы не знайшлі.

Тры гады ішла планамерная разведка: рабілі новыя свідравіны, удакладнялі межы пакладаў, лічылі запасы. У 1952 годзе за адкрыццё Старобінскага радовішча васьмярым геолагам далі Дзяржаўную прэмію СССР — у тым ліку, пасмяротна, і Аляксандру Розіну. Іншы лаўрэат, гідрагеолаг Герасім Багамолаў, давёў знаходку да будоўлі. На гэта пайшлі гады, але 3 чэрвеня 1958 года ЦК КПБ і Саўмін БССР вырашылі будаваць калійны камбінат. 21 чэрвеня яго дырэктарам быў прызначаны Алег Цімафееў — і з гэтага дня вядзе адлік афіцыйная гісторыя «Беларуськалія».

Камень у гонар заснавання горада
Камень у гонар заснавання горада. Фота: esoligorsk.by
Першыя вароты будоўлі
Першыя вароты будоўлі. Фота: belaruskali.by
Будаўніцтва Салігорска
Будаўніцтва Салігорска. Фота: esoligorsk.by
Праходка вусця першага шахтнага ствала
Праходка вусця першага шахтнага ствала. Фота: belaruskali.by
Мантаж першага капра
Мантаж першага капра ў Беларусі ў 1959 годзе. Капёр — канструкцыя над шахтным ствалом, у якой усталёўваецца пад'ёмны механізм. Фота: belaruskali.by
Праходка вусця першага шахтнага ствала
Праходка вусця першага шахтнага ствала. Фота: belaruskali.by
05БУДОЎЛЯ

З нуля

10 жніўня 1958-га на калгасным полі каля Чыжэвічаў прайшоў мітынг у гонар закладкі новага пасёлка, нават паставілі бетонны куб у памяць пра тое, што «тут закладзены горад Нова-Старобінск» — менавіта так спярша збіраліся назваць новы пасёлак побач са Старобінам, які тады быў райцэнтрам. На Усесаюзную ўдарную камсамольскую будоўлю пачала прыязджаць моладзь з усяго СССР. Першы атрад налічваў 211 чалавек у ліпені, а да лета наступнага года ў спісах было 1500 чалавек.

Ужо восенню 1958-га з’явіліся першыя драўляныя баракі, да вясны — аднапавярховыя інтэрнаты-малясямейкі, у снежні 1959-га заселены 16-кватэрны цагляны дом. Першыя дзве вуліцы атрымалі назвы Будаўнічая і Шахцёрская. А 8 жніўня 1959-га сваю назву афіцыйна атрымаў і Салігорск — тады яшчэ рабочы пасёлак.

Узводзіліся медустановы і дзіцячыя сады, школы. У 1961 годзе адкрыўся горна-хімічны тэхнікум, бо калійная вытворчасць востра мела патрэбу ў кадрах. Многія з тых, хто прыехаў на будоўлю, вечарамі хадзілі атрымліваць спецыяльнасць.

Моладзь будавала не толькі горад, але і калійны камбінат побач. У чэрвені 1959 года на шахтавым ствале № 2 у забой апусцілася брыгада і пачала праходку. 30 красавіка 1960-га на глыбіні 414 метраў шахцёры дабраліся да солі. У той жа дзень наверх паднялі першы цэбар сільвініту.

Другі калійны камбінат, 19621962
Другі калійны камбінат, жнівень 1962 года. Фота: belaruskali.by
Брыгада І.А. Палякова, 19671967
Брыгада І.А. Палякова дастала першы сільвініт на трэцім рудакіраванні, 1967 год. Фота: belaruskali.by
Стамільённая тона ўгнаенняў, 19811981
Выпушчана стамільённая тона мінеральных калійных угнаенняў. У выпуску ўдзельнічалі шахцёры змены Г. І. Савановіча і ўзбагачальнікі змены А. І. Кісялёва. 1981 год. Фота: belaruskali.by
Першая руда Краснаслабодскага рудніка, 20082008
Першая руда Краснаслабодскага рудніка, снежань 2008 года. Фота: belaruskali.by
06КАМБІНАТ

Гігант саюзнага значэння

Прамысловая здабыча на 1-м калійным камбінаце пачалася 9 мая 1961 года. Ужо ў 1963 годзе ён не толькі выканаў, але і моцна перавыканаў план здабычы. Усвядоміўшы маштабы запасаў пад зямлёй, улады вырашылі пабудаваць яшчэ адзін руднік, а потым яшчэ і яшчэ.

Другі калійны камбінат заклалі ў жніўні 1961 года каля вёскі Радкова і запусцілі ў эксплуатацыю ў снежні 1965-га. Трэці, ля Пагоста, здалі ў снежні 1969 года, а праз год тры прадпрыемствы аб’ядналі ў «Беларуськалій» і пачалі называць рудаўпраўленнямі. Чацвёрты камбінат у раёне вёсак Зажэвічы і Старыя Цярушкі на мяжы з Любанскім раёнам будавалі з 1971 года да 1979-га.

Вытворчасці, якая ўсё расла, трэба было шмат вады: узбагачальныя фабрыкі, дзе з руды робяць угнаенні, спажываюць яе ў велізарных колькасцях. Таму з 1964 года на рацэ Случ будавалі плаціну, і ў 1967-м на месцы забалочанага масіва разлілося Салігорскае вадасховішча плошчай 23 кв. км. Сёння яно чацвёртае па памеры ў Беларусі — пасля Заслаўскага, Вілейскага і Краснаслабодскага, — а ў савецкай прэсе яго называлі «салігорскім морам» і абяцалі гораду суднаходства (чаго так і не адбылося). Затое ў жыхароў з’явілася месца для летняга адпачынку, купання і рыбалкі.

З кожным новым рудаўпраўленнем адбываўся рывок здабычы. Калі ў 1940 годзе ва ўсёй БССР выпусцілі 13 тыс. тон мінеральных угнаенняў, то ў 1970-м — 6,1 млн тон, а ў 1975-м — ужо 11 млн тон. Збольшага гэта была заслуга салігорскага калію — драйвера хімічнай прамысловасці краіны. У 1981 годзе была выпушчаная стомільённая тона ўгнаенняў.

Распад СССР камбінат перажыў у статусе галоўнага здабытчыка валюты: калійныя ўгнаенні сталі ключавым экспартным таварам незалежнай Беларусі. У жніўні 2003 года з-пад Салігорска паднялі мільярдную тону руды. Да пачатку 2010-х калій складаў каля 10% усяго экспарту краіны і даваць 12% дзяржбюджэту.

07ГОРАД

Горад шахцёраў

Побач з камбінатам услед за кожным новым шахтным полем рос Салігорск. У 1958 годзе з аднаго боку новабудоўляў цякла ціхая паўнаводная рака Случ, з другога быў вялікі лес. Паступова зносіліся вёскі Вішнёўка, Кавалёва Лаза, Пясчанка, Пакроўка, Круты Бераг, Сяльцо, Цясліны. Агулам пад горад і вадаём знеслі больш за дзясятак вёсак. Будаваліся новыя вуліцы, дамы, бальніцы і паліклінікі, установы культуры, дзіцячыя садкі. Новая школа ўводзілася кожныя два-тры гады: гэта было неабходнасцю, бо ў маладым горадзе (сярэдні ўзрост жыхароў у першы час не перавышаў 26 гадоў) актыўна ствараліся сем’і, нараджаліся дзеці.

У сакавіку 1963-га рабочы пасёлак Салігорск афіцыйна быў пераўтвораны ў горад, на той час ў ім жыло больш за 18 тысяч чалавек. І гэта быў максімум, на які першапачаткова разлічвалі архітэктары, а людзей станавілася ўсё больш з кожнай новай шахтай здабычы калію.

Праект горада пераглядалі на хаду. З рашэннем пра будаўніцтва другога камбіната планку насельніцтва паднялі да 50 000 чалавек. Але ўжо ў 1965-м насельніцтва дасягнула 25 000 (і Салігорск афіцыйна стаў раённым цэнтрам замест Старобіна), а ў 1968-м у горадзе жыло ўжо 40 000 чалавек. Новую планку росту паставілі на сто тысяч да 2000 года.

Хоць савецкая ўлада скончылася раней, гэтая планка была ўзятая — і неўзабаве страчаная. У 1979-м паводле перапісу было 65 тысяч жыхароў, у 1989-м — амаль 93 тысячы, а ў 1999-м — 100 930 чалавек. Амаль да канца 2010-х насельніцтва расло, дасягнуўшы 106,8 тысячы ў 2017 годзе, але потым пачало падаць, асабліва актыўна ў апошнія гады — як і ўсё насельніцтва Беларусі. У пачатку 2026-га ў Салігорску налічвалася 96,4 тыс. жыхароў.

Сёння прыблізна кожны пяты салігарчанін працуе на «Беларуськаліі», таму ідэнтычнасць жыхароў непарыўна звязаная з шахцёрскім промыслам. З часам склалася традыцыя адзначаць Дзень горада ў апошнюю нядзелю жніўня, разам з Днём шахцёра. І футбольны клуб, створаны ў 1961 годзе, назвалі, вядома, «Шахцёрам». Ён, дарэчы, тройчы станавіўся чэмпіёнам Беларусі (але потым тытул 2022 года ў клуба забралі за дамоўныя матчы, а ўвосень 2025-га суд прызнаў яго банкрутам).

08ЦЭНА

Цана для людзей і прыроды

Усяго на прадпрыемстве працуе больш за 17 тысяч чалавек (гэта дадзеныя 2023 года, а яшчэ ў 2019-м было каля 20 тысяч). На глыбіні працуе каля 6000 чалавек. «Беларуськалій» цалкам закрывае патрэбы айчыннай сельскай гаспадаркі ў калійных угнаеннях і аддае на экспарт амаль усю сваю прадукцыю — у 2024 годзе гэта было 87,4% ад вырабленых 12 млн тон.

Але, хоць шахтавы промысел з кожным дзесяцігоддзем станавіўся ўсё больш тэхналагічным і механізаваным, гэтыя тоны ніколі не даставаліся лёгка, нават нягледзячы на тое, што руду ўжо даўно не здабываюць адбойным малатком. У нізкіх калідорах выпрацоўкі — лавах — машыністам камбайнаў трэба ўсю змену стаяць на каленях. Вакол соль, пыл, спёртае паветра. Але ёсць і горшая праблема. Старобінскае радовішча вядомае тым, што яго калійныя гарызонты, асабліва глыбейшы трэці, насычаны газамі (у першую чаргу метанам). Часам здараюцца раптоўныя выкіды газу разам са здробненай пародай, што стварае рызыку выбухаў і абвалаў і пагражае жыццю шахцёраў. У сакавіку 2018 года менавіта праз гэта загінулі машыніст горных вымальных машын Максім Іваноў і горнарабочы ачышчальнага забою Дзмітрый Валькоў: камбайн і вагон, на якіх яны працавалі, цалкам засыпала пародай. Здараюцца гібелі і з іншых прычын.

Аднак гарнякі навучыліся адстойваць цану сваёй працы. Так, у лютым 1992 года, неўзабаве пасля распаду СССР, яны правялі 44-дзённы страйк і дабіліся павышэння заробкаў, скарачэння працоўнага дня і даўжэйшага адпачынку. Сёння для тых, хто працуе пад зямлёй, гэта 67 дзён.

Клець апускае шахцёраў на глыбіню са хуткасцю скачка з парашутам — прыблізна восем метраў за секунду. А наверх вывозіць здабытую руду. Пасля здабывання калію застаецца пустая парода. Дзесяцігоддзямі яе звозілі на адвалы — так вакол Салігорска выраслі шэра-бура-ружовыя горы. Яны займаюць больш за тысячу гектараў, пастаянна растуць і месцамі дасягаюць 160 метраў у вышыню. На тэрыконах і ў шламасховішчах сабралася не менш за 850 млн тон адходаў. Гэта ўжо прывяло да засалення глебаў на тэрыторыі амаль 200 тысяч гектараў вакол камбіната.

Тэрыконы пад Салігорскам
Тэрыконы адпрацаванай пароды пад Салігорскам. Фота: meridian28.com

А сама зямля над буйнымі выпрацоўкамі праседае, праз што месцамі трэскаюцца дамы, падтапляюцца тэрыторыі. Яшчэ восем гадоў таму ў вёсцы Старыя Цярушкі прасяданне склала 1,5 метра. А да 2060 года ў вёсках Пагост-1 і Пагост-2 зямля, як чакаецца, прасядзе на 3−4,6 метра. Здараліся ў раёне Салігорска нават землятрусы.

Праблему бачылі яшчэ ў часы СССР. У 1981 годзе мінскі Рускі тэатр паставіў драму Алеся Петрашкевіча «Соль» пра экалагічную сітуацыю вакол калійнага камбіната.

Праходка шахты
Праходка шахты. Фота: belaruskali.by
Праца ў забоі
Фота: belaruskali.by
Праца ў забоі
Фота: belaruskali.by
Камбайн для выемкі пароды
Камбайн, які вырабляе выемку пароды. Фота: belaruskali.by
09ПОПЫТ

Чаму ўсім патрэбна гэтая соль?

Прамысловае земляробства ўсяго свету трымаецца на трох элементах, якія абазначаюць абрэвіятурай NPK: азот (N), фосфар (P) і калій (K). Гэта ключавыя пажыўныя рэчывы для раслін: азот адказвае за рост зялёнай масы, фосфар — за карані, а калій робіць расліну устойлівай да засухі, холаду, хвароб і вызначае якасць пладоў. Паводле ацэнкі Геалагічнай службы ЗША, адэкватнай замены азотным, калійным і фосфарным угнаенням няма. Можна выкарыстоўваць нізкапажыўныя рэчывы, такія як гной, памёт, касцяная мука, кампост і г. д. Аднак без мінеральных угнаенняў ураджайнасць збожжавых, алейных і гародніны ўпала б у разы.

Дэфіцыт калію — глабальная праблема: яго востра не хапае прыкладна 20% сельскагаспадарчых глебаў свету, а ў Афрыцы, Лацінскай Амерыцы, Паўднёва-Усходняй Азіі — ад 30 да 44%. Недахоп калію — горшыя ўраджаі, а значыць, менш ежы і даражэйшыя прадукты ва ўсім свеце.

Пры гэтым здабыча гэтага рэчыва засяроджаная ў руках нямногіх: у 2024 годзе Канада, Расія і Беларусь разам забяспечылі 70% сусветнага рынку. А амаль увесь астатні свет — пакупнікі. Напрыклад, Бразілія, адзін з галоўных вытворцаў ежы на планеце, імпартуе 96% неабходнага ёй калію. Раней на «Беларуськалій» прыпадала каля 20% сусветнага рынку, у 2024-м было каля 16%. Прасцей кажучы, ад таго, што адбываецца пад Салігорскам, часткова залежыць, колькі каштуюць рыс у Азіі і соя ў Бразіліі.

10КАРТЭЛЬ

Вайна ўнутры картэля

Сусветны рынак калію дзесяцігоддзямі дзялілі дзве збытавыя структуры. Першая — канадскі Canpotex, які аб’ядноўваў вытворцаў Паўночнай Амерыкі. Другая — «Беларуская калійная кампанія» (БКК), створаная ў 2005 годзе як сумесны трэйдар «Беларуськалія» і расійскага «Уралкалія»: на яе прыпадала каля 40% сусветнага гандлю. Абедзве структуры працавалі паводле адной логікі: прытрымліваць аб’ёмы, каб не падала цана. І, відаць, рабілі гэта па дамоўленасці, то-бок дзейнічалі як картэль, трымаючы ў руках 70% рынку. Калі да 2001 года цана тоны калію ў асноўным не перавышала 150 долараў, то з 2005-га пачала рэзка расці. На піку, у 2008 годзе, яна каштавала амаль 1000 долараў — тады экспартная выручка «Беларуськалія» дасягнула 3,4 млрд долараў.

Але ўнутры альянсу рос недавер. Мінск абвінаваціў партнёра ў гульні міма агульнай касы: паводле звестак беларускага боку, «Уралкалій» прадаваў праз БКК толькі каля 20% свайго калію, а астатняе — праз уласнага трэйдара. У снежні 2012-га Аляксандр Лукашэнка сваім указам адмяніў манаполію БКК на экспарт з краіны: цяпер «Беларуськалій» мог гандляваць самастойна. Пасля гэтага «Уралкалій» 30 ліпеня 2013 года абвясціў, што выходзіць з БКК і будзе нарошчваць аб’ёмы продажаў незалежна ад цаны — то-бок, па сутнасці, перайшоў да дэмпінгу. Сусветныя цэны і акцыі калійных кампаній абваліліся, што вельмі моцна ўдарыла па беларускім вытворцу.

26 жніўня генеральнага дырэктара «Уралкалія» Уладзіслава Баўмгертнера, які прыляцеў у Мінск на перамовы з прэм’ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам, затрымалі проста ў аэрапорце, абвінаваціўшы ў злоўжыванні паўнамоцтвамі. Асноўнага акцыянера «Уралкалія», мільярдэра Сулеймана Керымава, абвясцілі ў вышук. Лукашэнка публічна патрабаваў памяняць акцыянераў расійскай кампаніі. Урэшце Керымаў і ягоныя партнёры прадалі свае долі, Баўмгертнера ў лістападзе экстрадыявалі ў Расію, а ў 2015 годзе справу супраць яго закрылі. У студзені 2026 года былы «палонны калійнай вайны» загінуў у гарах на Кіпры.

11САНКЦЫІ

Страйк, санкцыі і разварот на ўсход

Пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года і гвалту сілавікоў супраць пратэстоўцаў Беларусь ахапілі масавыя хваляванні — і «Беларуськалій» стаў адным з іх цэнтраў. 17 жніўня камбінат часткова спыніўся: работнікі стварылі страйкам і абвясцілі страйк. Улада адказала рэпрэсіямі: людзей звальнялі, лідараў незалежнага прафсаюза саджалі, а многім пазней давялося з’ехаць з краіны.

У чэрвені 2021-га, пасля прымусовай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair, Еўрасаюз наклаў на Беларусь санкцыі за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці, імпарт нашага калію быў забаронены. У жніўні, да гадавіны выбараў, «Беларуськалій» трапіў у санкцыйны спіс ЗША як дзяржпрадпрыемства, якое забяспечвае фінансамі рэпрэсіўны рэжым. У снежні да санкцый далучылася Вялікабрытанія. А з 1 лютага 2022 года Літва спыніла транзіт беларускага калію — праз порт Клайпеды дзесяцігоддзямі ішла асноўная частка экспарту. У чэрвені ЕС наклаў санкцыі ўжо канкрэтна на «Беларуськалій», БКК і іх кіраўніцтва.

Сховішча прадукцыі «Беларуськалія»
Сховішча прадукцыі. Фота: belaruskali.by

Удар быў цяжкім: здабыча ў 2022 годзе абвалілася прыкладна на 60%, а доля Беларусі на сусветным рынку — да 9%, больш чым удвая. Камбінат перанакіраваў продажы на ўсход — доля Кітая вырасла з 17% у 2021-м да больш за 70% у 2023-м, а марскі экспарт пайшоў праз расійскія парты. Да 2024 года аб’ёмы ўдалося аднавіць да 16% сусветнага рынку і трэцяга месца пасля Канады і Расіі. Цяпер вырабляюцца не толькі чыста калійныя, але і комплексныя NPK-угнаенні.

Санкцыі паўплывалі не толькі на нашую краіну. З рынку адначасова выпалі беларускія аб’ёмы і — праз ўварванну Расіі ва Украіну — ускладніліся расійскія пастаўкі. Цэны на калій з траўня 2021 года да траўня 2022-га выраслі ўтрая, дайшоўшы амаль да 1200 долараў. Сусветны банк папярэджваў, што ўгнаенні становяцца недаступнымі для фермераў бедных краін, а гэта пагражае будучым ураджаям. Мінск ператварыў гэта ў аргумент: беларускія дыпламаты тут і там пераконвалі, што без нашага калію свету пагражае голад. Незалежныя аналітыкі пярэчылі: аб’ёмы, якія выпалі, паступова замясцілі іншыя вытворцы, а ўзлёт цэн быў выкліканы цэлым клубком прычын, ад энергетычнага крызісу да вайны. Цэны пачалі зніжацца толькі з 2023 года.

Урэшце палітыка зноў развярнула рынак. У снежні 2025 года пасля перамоваў з афіцыйным Мінскам і вызвалення часткі палітвязняў амерыканскі спецпасланнік Джон Коўл абвясціў пра зняцце калійных санкцый. 15 снежня Мінфін ЗША спецыяльным дазволам адкрыў магчымасць гандлю каліем з Беларуссю, а 26 сакавіка 2026-га санкцыі знялі канчаткова. У Вашынгтона тут была ўласная цікавасць: вайна з Іранам перарвала пастаўкі азотных угнаенняў з Персідскага заліва, цэны для амерыканскіх фермераў узляцелі, а Трамп абяцаў аграрыям падтрымку.

«Беларуськалій»
«Беларуськалій». Фота: belaruskali.by

Рынак адрэагаваў адразу: яшчэ ў снежні акцыі канадскіх і амерыканскіх вытворцаў калію ўпалі, бо вяртанне Салігорска азначала, што ўгнаенні патаннеюць. Тым не менш Еўрасаюз і Вялікабрытанія санкцыі не здымаюць: у лютым 2026 года ЕС падоўжыў іх да 2027-га, а ў чэрвені Суд ЕС адхіліў апеляцыю камбіната. І пакуль транзіт па еўрапейскай тэрыторыі праз балтыйскія парты недаступны, гандаль на сусветных рынках для «Беларуськалія» ўскладнены.

Але тэмпы здабычы ад гэтага не зніжаюцца. Паводле ацэнкі Мінпрыроды, балансавыя запасы калійных солей Беларусі перавышаюць 7,6 мільярда тон — пры цяперашніх тэмпах іх хопіць прыкладна на сто гадоў. А гэта значыць, дно старажытнага мора яшчэ доўга будзе пунктам апоры для эканомікі Беларусі.

12ДЗЯКУЙ

Дзякуем, што дачыталі да канца!

Калі для вас гэта бяспечна, падтрымайце Люстэрка, каб мы маглі рабіць болей матэрыялаў пра істотнае.

01 / 11
САЛІГОРСК