«Люстэрка» раней пісала, як расійскі юрыст-блогер Андрэй Падшывалаў прыязджаў у Мінск абараняць інтарэсы мясцовага прадпрымальніка ў спрэчцы з забудоўшчыкам Dana Holdings і са скандалам спрабаваў прарвацца да дырэктара мінскага офіса. На відэа з калідораў кампаніі трапіў супрацоўнік службы бяспекі з цікавым мінулым. «Люстэрка» расказвае пра яго.
«Нейкім цудоўным чынам з міліцыі ўладкаваўся»
На відэа блогера можна бачыць прадстаўніка структур Dana Holdings, які, відавочна, адказвае за бяспеку. Сам ён не прадстаўляецца. Гаворыць няшмат, сярод яго рэплік: «Што за здымкі праводзяцца, дазвол ёсць?», «Ніякіх размоваў, нічога, бо ў вас не санкцыянавана» і «Шчас я 102 выклічу».
Іншыя героі роліка называюць яго «спецыялістам па бяспецы». Паводле іх, у мінулым ён служыў у беларускай міліцыі.
«Люстэрка» праверыла гэтае сцверджанне. Мужчына на відэа — 50-гадовы Аляксандр Петраш. Мяркуючы з інфармацыі ў яго сацсетках, ён родам з Зэльвы, скончыў Гродзенскае музычнае вучылішча, а пасля перабраўся ў Мінск.
Як вынікае з інфармацыі створанага «Кіберпартызанамі» бота «Вока Змагара», Петраш сапраўды служыў у аддзеле крымінальнага вышуку УУС адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска. Апошняе зафіксаванае званне — маёр міліцыі. Мяркуючы са звестак уцечкі, карыстальнікі захоўвалі яго нумар з прыпіскамі «Першамайскі РУУС», «Нач АКВ» і «Следчы».
У роліку гучыць цікавая дэталь, звязаная з кар’ерай экс-сілавіка. Аўтар відэа сцвярджае, што Петраш не проста перайшоў з міліцыі ў Dana Holdings. Паводле яго, у мінулым ён расследаваў справу, якую ініцыявала гэтая кампанія-забудоўшчык.
— Гэты супрацоўнік службы бяспекі раней працаваў у беларускай міліцыі і разглядаў заяву на [прадпрымальніка] Дзяніса [Паўлаўца], пададзеную ў сувязі з ягонай крымінальнай справай, — кажа на відэа расійскі юрыст Андрэй Падшывалаў. — А потым нейкім цудоўным чынам з міліцыі ўладкаваўся працаваць у «Дану».
Чым скончылася тая крымінальная справа, невядома.
Што за схема?
Нагадаем, у аснове канфлікту — гісторыя мінскага прадпрымальніка Дзяніса Паўлаўца. Са словаў бізнесоўца, ягоная кампанія пастаўляла свяцільні структурам Dana Holdings. Ён сцвярджае, што расплаціцца пры гэтым абяцалі «не грашыма, а кватэрамі».
Паводле версіі бізнесоўца, яго фірму такім чынам загналі ў даўгі. Каб атрымаць грошы, ён знайшоў для кватэр пакупнікоў. Аднак жылплошчу ў выніку так і не перадалі, а грошы не вярнулі, кажа ён. Саму сітуацыю ў «Дана Астра», паводле Паўлаўца, прадставілі міліцыі інакш: нібыта ён махляр, які прадаў адну кватэру некалькім людзям адразу.
Прадстаўляць інтарэсы Паўлаўца ў Мінск прыязджаў расійскі юрыст Андрэй Падшывалаў, заснавальнік юрыдычнай кампаніі «Ярдрэй» і аўтар аднайменнага канала, у якога больш за мільён падпісчыкаў.
У выніку Падшывалаў выпусціў ролік пра тое, як юрысты спрабавалі трапіць у офіс Dana Holdings. У сюжэт трапілі больш чым 15-хвілінныя перамовы з удзелам юрысконсульта кампаніі, аховы і міліцыі, а таксама дзве няўдалыя спробы злавіць дырэктара беларускай юрыдычнай асобы «Дана Астра» Петара Петрава.
У юрыдычным аддзеле блогеру растлумачылі, што дакументы на свяцільні былі аформленыя некарэктна, таму іх не прынялі да разгляду. Падшывалаў назваў гэта «класічнай гісторыяй» і «ўлюбёным спосабам кампаній унікаць адказнасці».
Кампанія Паўлаўца падала на «Дана Астра» ў Эканамічны суд у Мінску. У сюжэт дадалі аўдыё з рашэннем суда: той пастанавіў спагнаць з «Дана Астра» няўстойку за нясвоечасовую аплату ў памеры 11 500 рублёў.
Пры гэтым у загалоўку відэа згаданая іншая сума — 200 000 даляраў. Паводле расійскіх юрыстаў, у Паўлаўца не хапіла грошай на выплату дзяржпошліны для спагнання поўнай сумы. Яны таксама паведамілі, што «Дана» выканала рашэнне суда і расплацілася. Ці дасталіся ў выніку камусьці кватэры, засталося за кадрам.
Чытайце таксама






