Зубр — сімвал Беларусі. Ён глядзіць з гербаў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей, з эмблем спартовых клубаў, білбордаў і сувеніраў. У XVI стагоддзі пра яго на замову папы рымскага напісалі паэму на лаціне — першы значны літаратурны твор, прысвечаны беларускай зямлі. Стагоддзямі ён служыў дзічынай для князёў, каралёў і імператараў у Белавежскай пушчы. Але ў пачатку ХХ стагоддзя пушча ўпершыню за тысячы гадоў засталася без зубра — зусім. Ніводнага зубра, які жыў бы на волі, не было і ва ўсім свеце. Тым не менш сёння тысячы людзей прыязджаюць сюды і назіраюць за тым, як ляніва бадзяюцца па прасторных вальерах магутныя звяры — тыя самыя, старажытныя, сапраўдныя, чыстакроўныя. А велізарныя свабодныя статкі іх субратоў можна сустрэць у самых розных раёнах Беларусі. Як удалося ўваскрэсіць цэлы від з мёртвых і вярнуць сімвал краіны да жыцця?
Галоўны гаспадар старажытнага лесу
Зубры — самыя буйныя звяры Еўропы пасля вымірання мамантаў — жылі тут спрадвеку. Вялізныя статкі калісьці вандравалі па ўсім кантыненце, але да XVII стагоддзя засталіся толькі ў Белавежскай пушчы і на Каўказе, утварыўшы два падвіды: раўнінны і горны. Каўказскі ў выніку знік: сучасныя тамтэйшыя зубры — вынік скрыжавання з амерыканскім бізонам і белавежскай лініяй. У нашага ж зубра лёс склаўся інакш.
Белавежская пушча — адзін з апошніх кавалкаў таго старажытнага лесу, што калісьці накрываў усю Паўночную Еўропу. Згадкі пра яе ёсць яшчэ ў Іпацьеўскім летапісе пад 983 годам. З канца XIII стагоддзя пушча перайшла ў валоданне вялікіх літоўскіх князёў. У 1409 годзе Ягайла абвясціў яе запаведнай зонай, пакінуўшы права палявання толькі за сабой і сваім стрыечным братам Вітаўтам. Напярэдадні Грунвальдскай бітвы тут нарыхтоўвалі правіянт для польска-літоўскага войска.
Да пачатку XVI стагоддзя зубр быў ужо легендарным зверам, вядомым далёка за межамі Вялікага Княства Літоўскага. У 1521 годзе паэт Мікола Гусоўскі, ураджэнец ВКЛ і сын вялікакняскага лесніка, прыехаў у Рым у складзе дыпламатычнай місіі. Папа Леў X, пачуўшы пра паляванне на зубра, захацеў даведацца больш пра далёкую паўночную краіну і яе знакамітага звера, і Гусоўскі напісаў для яго лацінскую паэму — яна мусіла суправаджаць чучала зубра, якое хацелі даслааць папу ў падарунак. У снежні таго ж года Леў X раптам памёр ад эпідэміі, так і не ўбачыўшы паэмы. Гусоўскі ўсё ж дапісаў яе, і яна была выдадзеная ў Кракаве ў 1523 годзе на сродкі каралевы Боны Сфорцы, у друкарні Гераніма Віетара ў Скавінскай вежы.
Тэкст называўся Carmen de statura, feritate ac venatione bisontis — «Песня пра выгляд, дзікасць і паляванне на зубра». Гусоўскі, які вырас у сям'і лесніка і бачыў мноства паляванняў, апісаў зубра з максімальнай дакладнасцю. Але паэма выйшла далёка за рамкі заалогіі і стала гімнам роднай зямлі, роздумам пра яе лёс і гістарычную ролю. Гэта было першае значнае эпічнае апісанне Беларусі, яе прыроды і народа ў еўрапейскай літаратуры. У 1980 годзе, калі адзначалася 500-годдзе паэта, ЮНЕСКА ўнесла яго імя ў Міжнародны каляндар выбітных дзеячаў сусветнай культуры. Дзякуючы Гусоўскаму зубр стаў апазнавальным знакам краіны — спачатку ВКЛ, пазней Беларусі — і Белавежскай пушчы для ўсёй астатняй Еўропы.
Царская скацінка
Правілы палявання станавіліся больш жорсткімі і слабелі ў залежнасці ад таго, хто сядзеў на троне. У 1558 годзе ў ВКЛ выйшаў закон пра ахову каралеўскіх паляўнічых угоддзяў, у 1577-м быў пакладзены пачатак дзяржаўнай апекі над зубрам. Указамі абмяжоўвалі адлоў і строга вызначалі, каму дазволена паляваць на звера.
У 1795 годзе Белавежская пушча разам з астатнімі беларускімі землямі адышла да Расійскай імперыі. Кацярына II дазволіла любое паляванне, акрамя адстрэлу зуброў (праўда, давала дазволы для еўрапейскіх музеяў), а вялікія кавалкі пушчы яна і яе нашчадкі раздавалі сваім набліжаным — што непазбежна вяло да знішчэння лясоў і жывёл. Свае страты прынеслі пажар 1811 года і нашэсце напалеонаўскіх войскаў у 1812-м. У другой палове стагоддзя, за Аляксандрам II, здарыўся рэкордны што да адстрэлу 1867 год — мінус 1898 асобін, але потым за часамі гэтага імператара ахову зрабілі больш жорсткай і заняліся аднаўленнем колькасці звяроў. У 1888-м пушчанскія землі цалкам вярнуліся ва ўласнасць царскай сям'і, быў павялічаны штат егераў, увялі зімовую падкормку зуброў.
У канцы стагоддзя ў Белавежы (цяпер тэрыторыя Польшчы) пабудавалі паляўнічы замак, тут палявалі расійскія імператары Аляксандр III і Мікалай II. Зубр фактычна зрабіўся прыватнай жыўнасцю сям'і Раманавых — «царскай скацінкай».
Тое, што ён узбуджаў такую цікавасць манархаў і магнатаў, нядзіўна. Еўрапейскі зубр — самы цяжкі наземны сысун кантынента. Дарослы бык важыць да тоны, даўжыня цела — тры — тры з паловай метры, вышыня ў плячы — каля двух. Нягледзячы на масу, ён спакойна бегае галопам, пераадольвае перашкоды да двух метраў вышынёй і лёгка пераплывае раку. Узімку зубры збіраюцца ў буйныя статкі па сотні і больш галоў, каб разам пракарміцца і абараніцца ад драпежнікаў, а летам разбіваюцца на сямейныя групы з дзясятка-паўтара — звычайна самкі з маладняком, самцы трымаюцца асобна. Жывуць у сярэднім 20−25 гадоў.
У пачатку Першай сусветнай вайны ў пушчы налічвалася 727 такіх жывёлін.
Вайна супраць прыроды
Калі ў жніўні 1915 года ў Белавежу ўвайшлі нямецкія войскі, лес умомант перастаў быць запаведнікам. За два з лішнім гады акупацыі немцы вывезлі ў Германію каля 4,5 мільёна кубаметраў драўніны, пабудавалі чатыры лесапільныя заводы і праклалі каля 300 кіламетраў вузкакалейных чыгунак. За зубрамі, праўда, сачылі, а браканьераў строга каралі. Але гэта не дапамагала: намаганнямі паляўнічых і салдат розных армій да 1916 года ў пушчы засталося 215 зуброў, да 1918-га — толькі 76.
Астатняе дарабілі наступныя два гады фактычнага безуладдзя (змяняліся акупацыі, адны ўлады і арміі сыходзілі, іншыя прыходзілі, але наўрад ці ім усім была справа да пушчы). Лес запоўнілі ўзброеныя дэзерціры, банды і галодныя сяляне з навакольных вёсак. Заходзіць туды было страшна: трапіць пад кулю было вельмі проста. Вялізныя зубры былі ідэальнай мішэнню, а адна туша забяспечвала мясам цэлую вёску.
Усё скончылася зімой — вясной 1919 года. Зафіксавана, што ў сакавіку 1919 года каваль Станіслаў Арантовіч застрэліў дарослую зубрыху на Белавежскай паляне, побач з вёскай Падаляны. А апошняе вольная жывёліна гэтага віду, паводле наяўных звестак, была забітая не пазней за красавік. Неўзабаве часопіс Łowiec Polski («Польскі паляўнічы») апублікаваў фатаграфію чэрапа апошняга зубра на пастаменце з бронзавай фігуркай зубра над ім.
У 1927 годзе ў гарах Паўночнага Каўказа забілі апошніх трох прадстаўнікоў другога падвіду. Еўрапейскі зубр як біялагічны від у дзікай прыродзе больш не існаваў.
Пра вынішчэнне апошніх пушчанскіх зуброў у 1919-м напісалі газеты, і ў красавіку ў пушчу прыехаў вядомы польскі натураліст Уладыслаў Шафер. Ён не мог паверыць, што ад сямі сотняў даваенных асобін засталіся толькі косткі. Ужо ў 1921 годзе з яго ініцыятывы ў пушчы быў створаны рэзерват (заказнік), адной з задач якога было аднаўленне зубра.
Пяцьдзясят чатыры на ўвесь свет
Від трэба было адраджаць уручную. Такі досвед у свеце ўжо быў: нядаўна амерыканцы выратавалі ад поўнага знішчэння свайго бізона, сваяка зубра. У снежні 1905 года ў нью-ёркскім заапарку Бронкса заснавалі Амерыканскае таварыства абароны бізонаў. Прэзідэнтам стаў дырэктар заапарка Уільям Харнадэй, ганаровым прэзідэнтам — тагачасны гаспадар Белага дома Тэадор Рузвельт. Грамадства збірала грошы, купляла бізонаў у прыватных уладальнікаў і рассяляла іх па рэзерватах. У 1907-м яно адправіла цягніком 15 бізонаў з бронксаўскага заапарка ў горы Аклахомы — і гэта была першая ў гісторыі рэінтрадукцыя буйнога сысуна ў дзікую прыроду ў Паўночнай Амерыцы. У 1930-я бізонаў на кантыненце было ўжо больш за тры тысячы. Таварыства абвясціла сваю місію выкананай і самараспусцілася.
З еўрапейскімі зубрамі сітуацыя была горшай. Асобін было няшмат, чыстакроўных — яшчэ менш, усе раскіданыя па заапарках розных краін. З ініцыятывай выступіў польскі заолаг Ян Штольцман, 68-гадовы віцэ-дырэктар Дзяржаўнага музея натуральнай гісторыі ў Варшаве, які ўсё жыццё займаўся навукай, здзяйсняў экспедыцыі ў Перу, Эквадор і Судан і не баяўся цяжкасцяў. На Парыжскім кангрэсе па ахове прыроды ў канцы траўня 1923 года ён прапанаваў паўтарыць для зубра амерыканскі сцэнар: стварыць міжнароднае таварыства, інвентарызаваць усіх чыстакроўных зуброў у заапарках і разводзіць іх па выразным плане.
25−26 жніўня таго ж года ў Германіі заснавалі Міжнароднае таварыства аховы зубра. У яго ўвайшлі прадстаўнікі паўтара дзясятка краін, уключаючы Злучаныя Штаты, якія мусілі перадаць свой досвед. Прэзідэнтам абралі дырэктара Франкфурцкага заапарка Курта Прымеля.
Інвентарызацыя запатрабавала нямала часу і паказала жахлівую лічбу: ва ўсім свецезасталося 54 еўрапейскія зубры без амерыканскай прымешкі — 29 самцоў і 25 самак у заапарках Польшчы, Англіі, Швецыі і Германіі. Белавежскага падвіду сярод іх было каля 39, астатнія неслі ў крыві прымешку каўказскай лініі. У 1932 годзе ў Франкфурце выйшаў першы выпуск племянной кнігі зуброў — рэестра, у які з тых часоў заносяць кожную чыстакроўную жывёліну, якая нарадзілася ў няволі.
Але генетычная карціна ў выніку аказалася яшчэ больш пагрозлівай. З 54 ацалелых зуброў патомства далі і пакінулі па сабе гены ўсяго 12: чатыры самцы і тры самкі чыстай белавежскай лініі плюс пяць жывёлін з каўказскай прымешкай. Астатнія ўжо не маглі пладзіцца. Так што кожны з тысяч зуброў, якія жывуць сёння ў свеце, — нашчадак тых дванаццаці жывёлін, усе яны далёкія сваякі. Праз гэта ў віду была ніжэйшая выжывальнасць, слабейшы імунітэт і горшая пладавітасць, чым у яго амерыканскага кузэна.
З энтамолагаў у зубрагадоўцы
Вяртаць зубра вырашылі ў яго спрадвечныя мясціны — у Белавежскую пушчу. У канцы 1920-х уся яна знаходзілася на тэрыторыі міжваеннай Польшчы, і працу тут узначаліў чалавек, які наогул збіраўся займацца насякомымі, а зусім не звярамі.
Ян Ежы Карпіньскі нарадзіўся 12 красавіка 1896 года ў польскім Петркуве-Трыбунальскім. Вучыўся на лясным факультэце ў Пецярбургу, там жа ажаніўся з Ганнай з Дамашэвічаў (вёска пад Баранавічамі). Пасля заканчэння навучання ў 1919-м маладая пара нелегальна ўцякла праз Фінляндыю ў адноўленую Польшчу. Па спецыяльнасці Ян быў энтамолагам, займаўся жукамі-караедамі — гэта і прывяло яго потым у пушчу, якую пасля бядотных пасляваенных гадоў трэба было ратаваць ад гэтага шкодніка.
29 студзеня 1929 года яго прызначылі начальнікам Рэзерватнага надлясніцтва ў Белавежы. Праз восем месяцаў, 19 верасня 1929-га, туды прывезлі першага зубра — дзесяцігадовага самца. Яго змясцілі ў спецыяльна пабудаваны велізарны загон плошчай 30 гектараў, абнеслі агароджай з тоўстых дошак з калючым дротам зверху і прыставілі ахову з васьмі егераў. Камандаваў імі былы царскі лоўчы Стэфан Харчун.
У 1932 годзе дзякуючы настойлівасці Карпіньскага Рэзерватнае надлясніцтва пераўтварылі ў Белавежскі нацыянальны парк, і ён стаў яго дырэктарам, яшчэ праз пяць гадоў адкрыў у Белавежы прыродазнаўча-лясны музей.
Увосень 1939 года ў пушчанскім гадавальніку жыло ўжо 16 зуброў: сем — белавежскага паходжання і дзевяць — белавежска-каўказскага. А ў верасні Чырвоная армія заняла Заходнюю Беларусь, і пушча ўвайшла ў склад БССР. Ужо 4 студзеня 1940 года быў заснаваны дзяржаўны запаведнік «Белавежская пушча». У штат уключылі больш спецыялістаў, якія мелі досвед працы з зубрамі.
Другая вайна
У чэрвені 1941 года, калі пушчу занялі немцы, у гадавальніку налічвалася 19 зуброў.
Парадаксальна, але Другая сусветная зуброў не кранула. Герман Герынг, паплечнік Гітлера і кіраўнік Рэйхстага, гарачы паляўнічы і дасведчаны лесавод, з 1937 года бываў у Белавежы — яшчэ на запрашэнне прэзідэнта Польшчы Ігнацыя Масціцкага. Ён збіраўся стварыць тут найлепшую ў Еўропе паляўнічую гаспадарку з цэнтрам кіравання ў былым царскім палацы, закрыць пушчу для высякання, выпасу жывёлы, значна пашырыць тэрыторыю. Паводле яго задумы, гэта мусіў быць велізарны запаведны лес для палявання самых тытулаваных персон Рэйха. Пасля захопу пушчы Герынг узяўся за справу і ўвёў там ахову з 700 чалавек, забараніў усю гаспадарчую дзейнасць. У выніку за час той вайны лесанарыхтоўкі ў пушчы аказаліся нязначнымі — нішто ў параўнанні з Першай сусветнай. Зуброў жа не адстрэльвалі зусім, толькі падкормлівалі сенам.
Аднак у 1944-м, адступаючы, немцы сабраліся звезці зуброў з сабой у Германію. Паводле афіцыйных крыніц (у мінскім музеі ВАВ захоўваецца гістарычны дакумент пра гэта), савецкі бок, атрымаўшы данясенні, паслаў у пушчу партызанскі атрад. Больш за два месяцы, да 17 ліпеня — пакуль не падышла 65-я армія генерала Паўла Батава — партызаны не выпускалі з-пад увагі звярынец з зубрамі. Урэшце, калі прыйшоў час адыходзіць, немцы проста выпусцілі жывёл з загонаўна волю.
Калі савецкія войскі падышлі, для аховы пушчанскіх багаццяў выдзелілі спецыяльную роту салдат — як ад мясцовых жыхароў (час быў галодны), так і ад паляўнічых сярод саміх вайскоўцаў. Паляванне на капытных забаранілі, за браканьерства пагражала суровае пакаранне. Са словаў Батава, абышлося адным інцыдэнтам: камандзір артылерыйскай брыгады палкоўнік Прохараў забіў зубра. Яго хацелі аддаць пад трыбунал, але Батаў пашкадаваў добрага камандзіра і вырашыў не спяшацца. У наступныя дні брыгада вызначылася ў баях, і Прохараў адкараскаўся вымовай.
Пладзіцеся і множцеся
У 1944 годзе ў Маскве падпісалі міжурадавае савецка-польскае пагадненне, паводле якога новая дзяржаўная мяжа прайшла проста праз лес. Гадавальнік з пагалоўем апынуўся на польскім баку. Ян Ежы Карпіньскі, які вайну перажыў у эвакуацыі пад Кейданамі ў Літве, вярнуўся ў Белавежу восенню таго ж года. Да зімы зуброў сабралі па пушчы, змясцілі ў вальеры, і праца па гадоўлі аднавілася.
А вось беларуская частка пушчы — большая, ледзь не дзве траціны ўсяго масіва — засталася без сваёй галоўнай жывёліны. Такі стан справаў там нікога не задавальняў. Урэшце савецкім уладам удалося дамовіцца з польскімі. Тыя пагадзіліся перадаць некалькі зуброў у абмен на іншых жывёл, якіх не хапала на іх баку.
Улетку 1946 года за 12 кіламетраў ад вёскі Камянюкі савецкія спецыялісты тэрмінова рыхтавалі новы гадавальнік: секлі лес, карчавалі пні, сеялі кармавыя травы. 1 чэрвеня ў беларускую частку пушчы перавезлі трох самцоў і дзвюх самак каўказска-белавежскай лініі з польскага гадавальніка.
Самцоў звалі Пусташ (яму быў год), Пуф (шэсць гадоў) і Пугінал (чатыры гады). Самак — Пурпура (тры, сястра Пуфа) і Пуля (сем, сястра Пугінала). У архіве парку захаваўся акт пра іх балансавы кошт: чатырохгадовы бык Пугінал быў ацэнены ў 30 тысяч рублёў, сямігадовая карова Пуля — у 50 тысяч.
Апошняя прыехала ў Беларусь цяжарнай ад зубра з мянушкай Пліш, які застаўся на тым баку мяжы. Праз некалькі месяцаў пасля пераезду, 8 лістапада 1946 года, Пуля нарадзіла цяля, якое назвалі Пул. Гэта было першае зубраня, якое нарадзілася ў беларускай частцы Белавежскай пушчы і ў Беларусі наогул пасля поўнага знішчэння віду. Халады ўжо пачыналіся, зімы тады стаялі суровыя, але дзякуючы клопату навукоўцаў і персаналу Пул выжыў. Рацыён у зуброў, дарэчы, быў вывераны: тры кілаграмы аўса на дзень, дваццаць пяць грамаў солі і ўволю свежаскошанай травы.
Імёны зуброў сведчылі пра іх паходжанне: у кожнага гадавальніка была свая сістэма мянушак — па першых літарах адразу можна было зразумець, адкуль звер і да якой лініі належыць. У польскай частцы пушчы каўказска-белавежскіх зуброў называлі на «Пу» (Пушча, Пусташ, Пурпура), чыстакроўных белавежскіх — на «Па (По)»: Падхаронжы, Пабор, Польна; у расійскіх гадавальніках тыя ж лініі потым называлі на «Му» і «Мо». З аднаго погляду ў племянную кнігу было відаць, хто перад табой і дзе ён нарадзіўся.
У 1949 годзе з Польшчы прывезлі яшчэ пяцярых зуброў, цяпер чыстакроўных белавежскіх — трох самак і двух самцоў. Свежая кроў адразу зняла самую вострую рызыку блізкароднаснага скрыжавання. Да гэтага моманту ў Беларусі з’явілася і ўласная сістэма імёнаў: каўказска-белавежскіх называлі на «Бя-» (Бялушка, Бярозка, Бярлога), чыстакроўных белавежскіх — на «Ба-» (Бархат, Банан, Банкетка).
Вярнуць чыстую кроў
У 1953 годзе, калі статак у беларускім гадавальніку вырас да 18 галоваў, семярых маладых жывёлін упершыню выпусцілі з загону ў адкрыты лес. Канчаткова вольны статак сфармаваўся да 1968-га.
Паралельна ішла генетычная чыстка. У 1961 годзе на першай савецка-польскай нарадзе па праблеме зубра вырашылі, што ўся Белавежская пушча — і польская, і беларуская — будзе разводзіць толькі чыстакроўных белавежскіх зуброў, без каўказскай прымешкі. З 1963 да 1968 года з Беларусі ў лясы Украіны і Паўночнага Каўказа вывезлі 114 каўказска-белавежскіх жывёлін. Белавежскі статак тым часам папоўнілі 38 зубрамі з расійскага Прыокска-Тэраснага запаведніка. Чыстую пароду можна было вярнуць за некалькі пакаленняў — правільным скрыжаваннем з паступовым вывадам каўказскіх генаў, што заолагі і рабілі.
У 1969-м у пушчы пасвілася ўжо 63 чыстакроўныя белавежскія зубры. З таго часу папуляцыя развіваецца амаль без умяшання чалавека: толькі зімовая падкормка і рэдкі вымушаны адстрэл асуджаных жывёл.
Гадавальнік, у якім летам 1946-га выгружалі з клетак Пулю з Пуфам і астатніх, знаходзіўся побач з сядзібай Віскулі. Праз сорак пяць гадоў менавіта там падпішуць дакумент, які распусціць Савецкі Саюз, — і Белавежская пушча зноў будзе падзеленая мяжой, гэтым разам ужо канчаткова. Але на той момант у ёй ужо будуць жыць некалькі сотняў зуброў. Прамых нашчадкаў той пяцёркі сярод іх не будзе, бо ўсю каўказска-белавежскую лінію ў 1960-я вывезлі. Толькі чучала Пугінала, які дажыў у гадавальніку да дваццаці гадоў і пяці месяцаў, дагэтуль стаіць у музеі Нацыянальнага парку.
Жывейшыя за ўсіх жывых
За ўсю гісторыю адраджэння зубра ў беларускай частцы Белавежскай пушчы нарадзілася больш за 2,5 тысячы цялятаў, якія сталі заснавальнікамі айчынных мікрапапуляцый і папоўнілі генафонд 22 мікрапапуляцый у шасці іншых краінах.
31 снежня 2024 года ў свеце налічвалася 12 209 зуброў, з іх 9762 жывуць на волі. Расія з 3073 асобінамі выйшла на першае месца, Польшча з 3060 — на другое. Беларусь з 2927 асобінамі (24% сусветнага пагалоўя) — на трэцяе. Большасць з іх жыве ў Белавежскай пушчы, паводле звестак на пачатак 2026 года: 425 дарослых самак, 130 дарослых самцоў, 139 асобін маладняку ад паўтара да трох з паловай гадоў і 90 цялятаў-сяголеткаў. Усяго — 784 асобіны, прыбаўка за 2024 год склала 36 галоваў, а за 2025-ы — 58 галоваў. То-бок толькі за мінулы год і толькі ў Белавежскай пушчы на свет з’явілася больш зуброў, чым іх было ва ўсім свеце сто гадоў таму.
Але зубры цяпер сустракаюцца і па ўсёй астатняй Беларусі. Іх рассяродзілі свядома, каб адна хвароба ці стыхійнае бедства не выкасілі ўвесь нацыянальны фонд. Шэсць найбуйнейшых статкаў, акрамя белавежскага, жывуць у Асіповіцкім лясгасе (680 галоваў, звесткі 2025 года), на тэрыторыі СВК «Азёры» ў Гродзенскім раёне (529), у паляўнічай гаспадарцы «Чырвоны Бор» у Віцебскай вобласці (348), у Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку (212), у Налібоцкім заказніку (130) і ў Нацыянальным парку «Прыпяцкі» (124). Яшчэ пара сотняў звяроў жыве драбнейшымі групамі.
Белавежскі транспамежны статак — самы вялікі ў Еўропе: амаль 800 галоваў на беларускім баку і каля 900 у польскай частцы пушчы (у дадатак яшчэ паўтысячы ў суседніх Бельскім і Нараўскім лясніцтвах, якія плаўна пераходзяць у пушчу). То-бок агулам у гэтым масіве лясоў больш за 2000 зуброў.
Але правільней будзе сказаць, што гэты статак быў самым вялікім. Раней дзяржмяжа для зубра нічога не значыла: жывёлы перасякалі яе кожны сезон, ідучы да месцаў падкормкі. Аднак пасля 2021 года і арганізаванай уладамі Беларусі атакі на мяжу ЕС у Польшчы вырашылі адгарадзіцца плотам — і паставілі пяціметровую загароду ў тым ліку праз Белавежскую пушчу. Эколагі б’юць трывогу, бо гэта перашкаджае натуральнай міграцыі пушчанскай жыўнасці, але пакуль зменаў не прадбачыцца: рэліктавы лес і жывёлы сталі закладнікамі палітыкі.
Чытайце таксама

